Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ацягі ’мяккія адходы пры апрацоўцы льну’ (Інстр. лекс.), ацягіны жмуты, зробленыя з атрэп’я лёну’ (Сцяшк.). Ад цягаць, параўн. атропы ад трапаць, смычаны ад смыкаць і іншыя ўтварэнні ад дзеясловаў, характарызуючых апрацоўку льну.

Ацяро́бкі ’абрэзкі ад гародніны’ (КЭС, лаг., КСП), укр. отеребини ’непатрэбныя рэшткі’, польск. otrzebki ’абрэзкі ад гародніны’, серб.-харв. о̀требине ’непатрэбныя рэшткі’. Ад церабіць ’абрэзваць, ачышчаць’.

Аця́цца ’згубіць жаданне есці’ (Сцяц.). Да цяць, тну з развіццём значэння ад ’рэзаць, біць’ да ’рэзка мяняць стан або паводзіны’, параўн. зацяць, уцяць ’раптоўна змоўкнуць, схаваўшыся і прыслухоўваючыся’ (Мядзв.), зацін ’прымус’, зацінлівы ’наравісты’ (Гарэц., Сцяц.), затнуцца ’занатурыцца’ (Сцяц.), зацяты ’ўпарты’; магчыма, што на семантыку гэтых слоў аказалі ўплыў даўнія ўяўленні аб умяшанні звышнатуральных сіл (чым і тлумачылася рэзкая змена паводзін ці стану), параўн. безасабовыя формы дзеяслова зацяло́ (гаварыць) (Арх. Бяльк.), цяло́ ’схапіла, узяло’ (Нас.) і асабліва архаічнае палескае зацінаць ’загаворваць хатнюю жывёлу, якая згубілася ў лесе; заткнуўшы нож у дрэва, чараваць’, параўн. таксама засека ’чараўніцтва з мэтай, каб жывёла, якая адбілася ад статка, стаяла на адным месцы’. Дзеепрыметнік ацяты ’абрэзаны’ і ’наравісты’ адпавядае польск. ocięty зацяты, упарты, свавольны, шалёны’, ociętny ’тс’ (апошняе Брукнер (374) звязвае з архаічным ocokały ’заўзяты’ няяснага паходжання), параўн. таксама ст.-польск. o(b)cięt(y) ’той, каму адрэзалі якую-небудзь частку цела, часцей за ўсё галаву’ (Крупянка, Formacje, 70); наяўнасць балг. дыял. о́тет ’які цяжка згаджаецца’, ’непаслухмяны, своеасаблівы’, параўн. таксама выраз «ега́ си про́клет и о́тет» (каб ты быў пракляты і ?), дазваляе паставіць пытанне аб праславянскім архаізме o‑tętъ ’зацяты, наравісты’ (ад o‑tęti). Параўн. таксама ацяць.

Аця́ць ’узяць’ (слуц., Абабурка, Лінгв. дасл., 4), ацяты ’агорнуты’ (Абабурка, там жа). З от‑яти, ст.-слав. отѧти ’адняць, забраць’, уяць узяць, убавіць’ (Нас.) і іншыя прыставачныя ўтварэнні ад прасл. jęti. Сюды ж, магчыма, узнятае шляхам дэкампазіцыі цяло́ ’схапіла, узяло’ ад цяць (от‑яти > о‑тяти), як няць ’схапіць’, ст.-рус. няти ’ўзяць’ (з vъn‑ęti, sъn‑ęti, гл. Ваян, RÉS, 22, 11; Слаўскі, 1, 536), параўн. зацяло (гаварыць) і заняло (мову), зацяты і заўзяты. Гл. ацяцца.