Сатра́п ’правіцель у старажытнай Персіі’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. сатра́п ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74). Рус. праз грэч. σατράπης са ст.-пярс. xs̆adrapavan ’даглядальнік страны’ (ССРЛЯ, 13, 202), якое ад xs̆ara ’вобласць, правінцыя’ і pa(y)‑ ’кіраваць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 482). Ст.-бел. сатрапъ ’правіцель у старажытнай Персіі’, паводле Булыкі, Лекс. запазыч., 28, праз грэчаскую мову са ст.-пярс. sitrab.
Саты́ра ’спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва высмейванне розных адмоўных з’яў’ (ТСБМ), Крукоўскі (Уплыў, 85) лічыць новым запазычаннем з рус. сати́ра ’тс’, якое праз франц. satire паходзіць з лац. satira, больш стараж. satura (lanx) ’блюда з рознымі пладамі, якое кожны год паднасілася багам; дэсерт, сумесь; вершаваная сумесь’ (Фасмер, 3, 565; Праабражанскі, 2, 254). Раўнаверагодна і пасрэдніцтва польск. satyra ’сатыра’. Аб польск. слове гл. Брукнер, 482.
Саўга́цца ’катацца на льдзе, коўзацца’ (Касп.), саўгану́ць ’пасунуць, перасунуць’ (КЭС), са́вгаты ’глытаць, дзяўбці’ (Клім., Сл. Брэс.), саўгну́ць ’тыкнуць з сілай’ (Клім.), саўка́цца ’швэндацца’ (Мат. Гом.). Гл. соўгаць, соўкаць.
Саўге́ль ’коўзкае месца, каток’ (Касп., Яшк.), выкл. ’пра ссоўванне’ (Янк. БП), саўгу́нь ’тс’ (Нар. лекс.). Дэрываты ад соўгаць(ца) з суф. ‑ель, ‑унь.
Саўгуны́ ’бліны’ (Жд. 2), саўга́ч ’блін’ (Сцяшк. Сл.). Да соўгаць, гл.
Са́ўка ’сіваваронка’ (Бяльк.). Няясна.
Саўлы́га ’грубы чалавек’ (Мат. Маг.). Відаць, з шалы́га ’махляр’ (Нас.) (гл.) пад уплывам соўгаць(ца).
Саўмі́ла, соўмэ́ла ’чалавек, які соўгаецца без мэты’ (драг., Нар. лекс.). Ад *соўмаць з суф. ‑іла, параўн. укр. совману́ти ’толкнуть, піхнуць’, совма́нитися ’рухацца, хадзіць туды і сюды’, якое, магчыма, да *sovati (гл. соваць). Няясным застаецца ‑м‑.
*Саўпнуць, совпну́ты ’тыкнуць, упікнуць’ (Клім.), со́впатысь, совпну́тысь ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. палес. со́впатысʼ ’тыкацца; таўчыся’, совпну́ти ’тыкнуць; упікнуць’. Анікін, Этимология–1982, 67, 70 узнаўляе прасл. *sъlpati (sę) — ст.-слав. сльпати, сълпати ’цячы’. Далей да групы славянскай лексікі, аб’яднанай пад *solpati ’салупаць’ (гл. салупаць).
Саўсе́ня ’тоўчаная бульба з цыбуляй’ (смарг., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (4, 374), з літ. sausiẽne ’тс’.