Раздрахце́ць ’растаўсцець’ (Сцяшк.), раздрахце́цца ’распаўнець, растлусцець’ (Юрч. СНЛ). Ад незафіксаванага *драхцець, якое да прасл. *drъgъtěti (гл. ЭССЯ, 5, 138), параўн. укр. дригти́ти ’ператварацца ў жэлепадобнае рэчыва, дрыжаць як студзень’. Гл. дрыгацець.
Раздра́чыць ’раздражніць’ (гродз., Сл. ПЗБ). Ад драчы́ць ’дражніць, цвяліць’ (< прасл. *dročiti, ЭССЯ, 5, 122–123), гл. драчона.
Раздруе́ць ’растаць, раскіснуць’ (у адлігу), ’распаўнець’ (Юрч. СНЛ), раздруі́ць ’выклікаць дрыганне’ (Юрч. СНЛ), раздруі́цца ’размокнуць, раскіснуць ад вады’ (Юрч. СНЛ), друя ’распаўнелая асоба’ (Юрч. СНЛ). Паходжанне зыходнай формы (*друі́ць, *друя́ць?) няяснае, магчыма, да прасл. *drulʼati (ЭССЯ, 5, 132), параўн. серб.-харв. друљати ’хістаць; камячыць, мяць’.
Раздубальтава́ць ’растлумачыць’, дубальтава́ць ’паўтараць адно і тое ж’ (Сцяшк. Сл.). Вобразнае ўтварэнне ад польск. dubelt ’падвойна, два разы’, dubeltowy ’падвойны’.
Раздудо́рыць ’раздуць; апушыць’ (Шымк. Собр.). Да дуць (гл.) з рэдуплікацыяй каранёвай часткі.
Разду́жжа ’пярэдняя і задняя папярочка воза’ (Касп.), ’дуга, якая злучае ў санях побачні’ (Бяльк.), рус. дыял. разду́жье ’сагнутае ў дугу маладое дрэва, прымацаванае да саней’. Ад дуга́ (гл.).
Разду́мацца ’падумаць і змяніць ранейшы намер, рашэнне’ (Др.-Падб.), рус. смал. разду́маться ’перадумаць’. Ад раз- і ду́маць (гл.) як антонім да наду́мацца ’прыняць рашэнне’.
Раздума́ць ’раздзьмухваць’, ’раздуваць’, раздума́нне ’раздзьмухванне’ (Юрч. СНЛ), рус. смал. раздума́ць ’раздуваць агонь’. Ад дуць (гл.) пад уплывам дзьмуць.
Разду́рбаць ’паволі разбудзіць моцна спячага’ (ашм., Стан.), разду́рдаць ’разбудзіць тармосячы’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’разбудзіць не ў час’ (Сцяшк. Сл.), розду́рбаць ’раскатурхаць’ (ТС), разду́рдацца, разду́рбацца ’ачуняць, прачнуцца’ (ашм., смарг., Сл. ПЗБ). Балтызм, параўн. літ. dùrdyti ’калоць’, ’тыкаць’, durdeti ’грымець, грукатаць, трашчаць’. Сюды ж, відаць, і дэфармаванае пад уплывам іншых слоў раздуры́ць ’раскатурхаць’, раздура́ць ’раскатурхваць’, раздура́цца ’прачнуцца’ (Юрч.). Параўн. разгурзацца (гл.).
Раздыхтава́цца ’разгаварыцца’ (Сл. ПЗБ). Няясна. Магчама, утворана ад дыхце́ць ’цяжка дыхаць’ ці ад дыктава́ць (з польск. dyktować), гл.