Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прымасо́ліцца ’падбівацца, лашчыцца, шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Да масо́ліцца ’пэцкацца чым-небудзь; поркацца, прыладжвацца да каго-небудзь, шукаючы прыхільнасці’, што ад масо́ліць ’грызці костку; пэцкаць у што-небудзь слізкае’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч.). Адносна апошняга гл. масо́л, а таксама *mosoliti (ЭССЯ, 20, 20–21).

Пры́мастка ’палаці каля печы, дзе спяць’ (Сцяшк.), ’дошка, прыладжаная да печы ці да ложка’ (гарад., Сл. ПЗБ), пры́мастак ’насціл з дошак паміж печчу і сцяной у курнай хаце’ (Скарбы), пры́мосток, прэ́мусток ’ляжак ля печы’, мн. л. пры́мосты, пры́мусты ’насціл з дошак на невялікіх падстаўках (козлах) каля печы, на якім спалі’ (Сіг., Сл. Брэс.), прэ́муст ’шырокая лава каля печы’ (Сіг.), толькі мн. л. пры́масткі ’седала’ (ашм., Сл. ПЗБ), прымо́сце, прыму́сте ’насціл з дошак каля печы’ (Шушк.), мн. л. прымо́сткі ’памост’ (Раст.). Да мост (гл.). Параўн. рус. дыял. примо́стка ’шырокая лава каля рускай печы для спання’, укр. при́мостка, при́містка ’прымацавання да чаго-небудзь лава, памост’.

*Прыматкабо́жыцца, прыматкобо́жытысь, -ся ’прымасціцца’ (драг., Нар. лекс.; Сл. Брэс.), прымоткобо́жытысь ’тс’ (Клім.). Дзеяслоўная лексікалізацыя словазлучэння пры Матцы (Маці) Бо́жай з першапачатковым значэннем ’(прымасціцца, уладкавацца) каля абраза (Божай Маці)’. Лакальная заходне-палеска-пабужская ізалекса, параўн. укр. приматкобо́житися ’падлабуніцца, прылашчыцца, падмазацца; уладкавацца, прымасціцца’. Паводле ЕСУМ (4, 573), ад частага паўтарэння польск. Matko Boża ’Божая Маці’.

Прымаўля́ць, прымоўля́ць ’прыгаворваць; угаворваць; папракаць; прыгаворваць пры варажбе; прыварожваць’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), ’ужываць прымаўкі, прыказкі’, ’галасіць’, ’наймаць’ (шчуч., віл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Сюды ж вытворныя: пры́маўка, прымо́ўка ’ўстойлівы выраз; прыгаворка; папрокі; лаянка; словы, якія выкарыстоўваюцца пры чараванні, варажбе’ (Шпіл., Гарб., Нас., Байк. і Некр., Касп., Растарг., Яруш., ТСБМ; глыб., ганц., Сл. ПЗБ; ТС), ’нагавор; заклінанне’ (Ян.), ’урокі’ (кіраў., ЛА, 3), прымо́ўны ’хвароба, якая лечыцца замовамі, прымаўленнем’ (Нар. Гом.), ст.-бел. примолвяти ’заклінаць’, примолвение ’замова, заклінанне’ (Сл. Скарыны). Ад мо́віць (гл.). Падобна на тое, што значэнне ’прыгаворваць пры варажбе; замаўляць’ было першасным, параўн. стараж.-рус. примълвление, примолвление ’замова, заклінанне’, примълва, примолва ’прыгавор’, рус. дыял. прима́вливать, примо́влить ’запрашаць (у госці)’, укр. примовля́ти ’прыгаворваць, прымаўляць; гаварыць, казаць, умешвацца ў размову’, при́мівка, при́мовка, примо́вля ’прыказка, прымаўка’, примо́ва ’замова’, примовля́ння ’прыгаворка; замова’, примі́вник ’чараўнік, які лечыць замовамі, шаптун’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 491–492.

Прыма́цца ’перажываць’ (слонім., Нар. словатв.). Да прыма́ць1 з пераносам значэння. Параўн. укр. прийма́ти ’успрымаючы што-небудзь, рэагаваць пэўным чынам; выяўляць сваё стаўленне да чаго-, каго-небудзь’.

Прыма́ць1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.

Прыма́ць2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).

Прымгну́ць ’задрамаць’ (паст., Сл. ПЗБ), прымгну́ты ’тс’ (кобр., Нар. лекс.), прымгну́ць, прымгну́цца ’прыжмурыць; задрамаць’, рус. кур., смал. примгну́ть ’заснуць ненадоўга, задрамаць’, з працягам семантыкі ’прыціхнуць, супакоіцца; патухнуць, згаснуць’. Параўнанне з літ. primìgti ’тс’ дае падставы рэканструяваць арэальна абмежаванае прасл. *primьgnǫti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *mьgnǫti (гл. з аглядам форм і семантыкі ЭССЯ, 21, 97–98). Гл. таксама мжыць; ЕСУМ, 3, 456 (мжи́ти).

Прыме́к, прымёк ’заметка’ (Нас., Гарэц.), ня ў прымёк ’неўпрыцям’ (Гарэц.), прыме́ка ’прыкмета, заметка’ (Нас.). Да прымяча́ць/прыме́ціць (< ме́ціць, гл. ме́та) з рэгулярным чаргаваннем у фіналі асновы. Параўн. цікавае рус. пск., цвяр. примека́ться ’навучыцца, набыць вопыт’.

Пры́мен ’сені, сенцы’, пры́мян, пры́мець, прымно́ ’тс’ (Шн. 3; ваўк., Федар. 7; Сцяшк.; маст., іўеў., гродз., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Скарбы; гродз., ЛА, 4), пры́мень ’павець’ (Сл. Брэс.), пры́мецё ’свіран’ (лях., Сл. ПЗБ), пруме́няц ’памяшканне, прыбудаванае да хаты, у якім захоўваецца збожжа, мука, апрацаваны лён’ (лях., Янк. Мат.). Вядома ўжо ў ст.-бел.: прыменъ ’сенцы ў лазні або ў свірне; прыбудова’ (1522, Булыка, Запазыч., 263; Ст.-бел. лексікон). Запазычана з літ. priemenė̃ ’пярэдні пакой, прыхожая’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 38). Параўн. пры́вен (гл.).

Прыме́ркнуць, прыме́ркнуцца ’пра надыход няпоўнага, першага змроку’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), таксама незак. тр. прымярка́ць ’цямнець’ (Нас.), прымірка́ць ’вечарэць, змяркацца, цямнець’ (Бяльк.), зах.-бранск. прымерька́ть ’тс’ (Раст.), сюды ж дзеепрым. прыме́рклы ’змрочны’ (Нас.), а таксама вытворныя назоўнікі прымярка́нне ’надыход няпоўнага, першага змроку; вячэрняя пара’ (Нас., Гарэц.), мн. л. пры́меркі, пры́мрак ’змрок’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. примрак ’цемра’. Прэфіксальнае ўтварэнне ад ме́ркнуць (гл.). Укр. примерка́ти, примерка́тися ’цямнець, змяркацца’, при́мерки, примерка́ння ’прыцемкі’, стараж.-рус. примракъ ’змрок, цемра’, рус. дыял. приме́ркнуть ’цямнець, пераставаць свяціць’, примерка́ние ’пачатак першай квадры, калі месяца не бачна’, при́мерки ’прыцемкі, змярканне’.