Прыма́ць 1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.
Прыма́ць 2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць 1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).