Масол, масёл, масолак ’косць’, ’голая косць’ (Бяльк., Растарг., Ян.; хоц., Мат. Маг.; ветк., добр., б.-каш., Мат. Гом.), (перан.) ’рука’ (жытк., Мат. Гом.), масалы́га ’костка, масол’ (Грыг., Бяльк.), масалы́кнуць ’ударыць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Рус. мосол, мосла́, мосла́к ’костка сцягна’, ’круглая абгрызеная галоўка косці’, ’сустаў крыла’, ст.-рус. мосолъ ’тоўстая каравячая косць’, мослокъ ’вяртлюг’, мостолыга ’вялікая косць’ (XVII ст.). Паходзяць з тур. musluq ’кран’, ’трубачка ў cacyдах’ (Баскакаў, Тюрк. элем., 258). Яшчэ раней Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 191), Мацэнаўэр (LF, 10, 333) прапанавалі ў якасці крыніцы запазычання тур. maslak, muslak ’кран бочкі’, пасля, аднак, Міклашыч адхіліў гэту гіпотэзу. Прычынай з’явіліся дадатковыя значэнні ў вытворнага дзеяслова мосо́лить, у прыватнасці ’дакучаць’. Баскакаў (там жа) размяжоўвае рус. лексемы мосол, мосолыга на дзве: ’проська’ і ’косць’. Першая звязана з мянушкай рускіх прасолаў, перакупнікаў палоцен, асновай для якой з’яўляецца цюрк. mäsül ’прошанае’, ’просьба’, ’прадмет просьбы’. З гэтага ўтварылася і бел. масталыга ’прыдзірала, буркун’ (Растарг.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)