Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лятом ’хутка’ (шчуч., смарг., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Рус. кур., раз. летом, ленінгр., смал. лётом ’тс’. Да лёт (гл.), якое тут выступае ў тв. скл. Націск, як у бягом.

Лятонцы ’хуткі’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’рухавы’ (шчуч., лаг., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя польск. latający і бел. лятучы (з выпадзеннем польск. ‑aj‑).

Лятосі ’леташні’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. latosi (напр., вармійск., сілезск.) ’сёлетні’. Да ле́тась (гл.).

Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).

Ляту́нак ’мара, летуценне’ (Гарэц., Др.-Падб.; Крывіч, 5, 1923; ТСБМ, Нар. Гом.). Утворана ад летуцець пры дапамозе суфікса ‑унак (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 90).

Лятуце́ць ’марыць’ (Гарэц., Др.-Падб., Крывіч). Беларускае. Балтызм. Параўн. літ. lėtutè (< lėtaĩ) ’павольна’, létùtis ’павольны’, ’палахлівы, нясмелы’, лат. lietuvēns ’кашмар, прывід, нячысцік, які мучыць чалавека, скаціну’, латгальск. lituńc ’прывід’. Утварылася пры ад’ідэацыі лексем лётаць, ляцець. Параўн. таксама бел. ляту́нак, ляту́нкі ’мара, летуценні’ (ТСБМ), летунковасць (КТС — У. Жылка), лята́вец (гл.). Сюды ж летуце́нні, летуце́ннік (ТСБМ).

Ляту́чая мыш ’кажан’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ). Усх.-слав. Аналагічна ням. Fleder‑maus (< с.-в.-ням. vlëdern ’лётаць, пыркаць’ + Maus ’мыш’). Серб.-харв. сле̑пи ми̏ш ’тс’, магчыма, таксама сведчыць аб архаічнасці словазлучэння. Сюды ж палес. лету́ча муш ’блёкат чорны, Hyocyamus niger L.’ (паводле псіхатропнага або і атрутнага дзеяння алкалоідаў расліны, яе назва атаясамліваецца з павер’ямі вакол кожана накшталт таго, што дотыкі або ўкусы яго выклікаюць смерць).

Ляту́чка ’крылападобны выраст на насенні некаторых раслін, які дазваляе яму лёгка разносіцца ветрам’, ’лёгкі від транспарту’, ’кароткая вытворчая нарада’ (ТСБМ). З суч. рус. лету́чка ’тс’. Да ляце́ць (гл.).

Ляту́чы ’цякучы (аб вадзе)’ (Сл. ПЗБ). Калька з польск. lecący < lecieć ’ліцца, цячы’, параўн. woda leci ’вада льецца’.

Лятэрачка ’драўлянае маленькае колца калаўрота, якое знаходзіцца побач са шпулькай і перадае ёй руханне вялікага кола’ (рас., Шатал.). З мутэрачка < польск. muterka < ням. Mutter ’гайка’.