Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вучэ́бны (КТС). Запазычана з рус. учебный (Крукоўскі, Уплыў, 59).

Вучэ́нне (БРС, КТС, Байк. і Некр.). Да вучыць (гл.), адносна словаўтварэння гл. Суф. словообр., 151, 179.

Вуша́к ’бакавы брус у дзвярной або аконнай асадзе’ (КТС); ’слуп з пазамі ў раме дзвярэй’ (БРС; КЭС, лаг.; Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат.; бялын., Янк. Мат., В. В.), палес. уша́к, вушак (Шушк., КСТ) таксама ’шула ў плоце’ (Куч.), польск. uszak. Ад ву́ха, што звязана з метафарай «дзверы — галава»; параўн. назву верхняй часткі рамы дзвярэй шапка (Сцяц., Словаўтв., 20) або з формай выраза для замацавання дзвярэй, параўн. правушына (гл.). У карысць апошняга сведчыць, відаць, рэдкае серб.-харв. уша̑к: «наби̏о држаљу у уша̑к» (СДЗб., 17, 47), значыць, магчыма, нейкую дэталь з правушынай, што дазваляе бачыць ва ўсіх пералічаных словах самастойныя ўтварэнні з суфіксам ‑jakъ; адносіны беларускага і польскага слоў няясныя (запазычанне з бел.?), аднак Варш. сл. дае і значэнне ’крукі, завесы, на якіх трымаюцца дзверы’, якое магло быць зыходным для дадзенага слова. Ці не сюды ж балг. дыял. куша́к ’папярэчная перакладзіна ў старых дзвярах’, збліжанае, магчыма, з цюркізмам куша́к ’пояс’? Параўн. вушня́к (гл.).

Ву́шалка ’гушкаўка’ (Цых.). Ад гу́шалка ’тс’ з менай ілжэпратэзы г на в.

Ву́шальніца ’вусень’ (свісл., Шатал.). Да ву́сеніца (гл.) з «шапялявым» вымаўленнем мяккага c і распадабненнем неарганічнага падваення зычных: *вусянніца > вушальніца; параўн. вучальнік, ву́сяльніца (гл.).

Вуша́нка ’зімовая шапка з вушамі’ (БРС, КТС, Інстр. I, КСТ), рус. ушанка. Да вуха, вушы шляхам семантычнай кандэнсацыі з «шапка з вушамі».

Вуша́т ’цэбар’ (Шатал., Жд., 3), вуша́так ’невялікі цабэрак для розных патрэб з двума вушкамі’ (З нар. сл.). Ад вуша́ты (кароткая форма прыметніка ушатъ), г. зн. які мае вушы; параўн. гродз. уша́ты ’цэбар’ (Нар. сл.) у выніку семантычнай кандэнсацыі з ушаты цэбар, рус. ушат ’цэбар з вушамі’ (Фасмер, 4, 180). Булыка (Запазыч. 332) лічыць ст.-бел. вушаток, ушаток (з 1550 г.) запазычаннем з польск. uszatek ’тс’; параўн. іншую назву пасудзіны па характэрнай прыкмеце — насатка (гл.).

Вуша́тка ’шапка з вушамі’ (навагр., З нар. сл.). Ад вуша́ты (< вушатая шапка).

Вуша́ты ’з вялікімі вушамі’ (Нас., Байк. і Некр., КСТ). Ад ву́ха, ву́шы з суфіксацыяй, характэрнай для прыметнікаў са значэннем ’які мае пэўную асаблівасць’; параўн. барадаты, насаты і інш.

Ву́шка ’восілка (у вядры ці інш.)’; ’прывязка, якою прымацоўваецца цапілна’ (ДАБМ, камент., 828, Нас., БРС). Памянш. ад вуха ў адносінах да прадметаў, знешні выгляд якіх нагадвае вуха.