Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Курава́й ’род травяністых раслін сямейства матыльковых’ (ТСБМ), ’астрагал салодкалісты, Astragalus glycyphyllus L.’ (Кіс.). У адпаведнасці да фармальнага крытэрыю ўтварэнне на ‑ай, якое выкарыстоўваецца для назваў раслін тыпу малачай (ад малако) (Сцяцко, Афікс. наз., 145). Тады да курава. Семантычна незразумела. Параўн., аднак, сінанімічную назву астрагала — віхрава трава (Кіс., 21).

Курада́ў ’ястраб’ (Мат. Гом.). Да кур1 (гл.) і давіць.

Курады́м ’куродым’ (ТСБМ, КЭС, лаг.). Гл. куродым.

Кура́жыцца ’важнічаць, трымацца фанабэрыста’ (ТСБМ). З рус. куражиться, якое ад кураж (< франц. courage ’смеласць’) (гл. Шанскі, 2, 8, 450–451).

Кура́й ’свойская птушка з невыразнымі палавымі адзнакамі’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. курій ’тс’, польск. kurzej, чэш. kuřej, славац. kurej. Паўн.-слав. утварэнне — *kur‑ějь. Гл. кур1 (параўн. Слаўскі, 3, 421).

Ку́рак1, куракі́ ’петлі ў лапцях, куды зацягваліся аборы’ (Сл. паўн.-зах., Касп., Шатал., Нар. сл., Жд. 2). Параўн. польск. kurek у другасным значэнні ’кран’ (= ’што адкрывае і замыкае’). Націск і суфіксацыя сведчаць на карысць польскага ўплыву (параўн. Слаўскі, 3, 400).

Ку́рак2 ’трэска (гнілая)’ (Мат. Гом.). Да курыць (гл.). Параўн. гніць і тлець як сінонімы.

Кура́к ’пеўнік’ (Яўс., Вяр.). Гл. кур.

Курале́сіць ’гаварыць недарэчнае, балбатаць’ (Сл. паўн.-зах.). Ст.-рус. курелейсон < ст.-грэч. κύριε ἐλέησον ’божа памілуй’. Гэта сакральная формула вымаўлялася няясна. Адсюль значэнне ’балбатаць’.

Куралёк1 ’газнічка’ (Сл. паўн.-зах.). Да кураль (гл.).

Куралёк2 ’частка кумпяка’ (Сл. паўн.-зах.). Да курыць (гл.), кураль (гл.). Матывацыя назвы звязана з тэхналогіяй вэнджання. Параўн. куранка2 (гл.) ’вяндліна’.

Куралём ’дагары нагамі’ (Сцяшк. Сл., Бір. Дзярж., Сцяц.), ’кулём’ (Жыв. сл.). Да кулём. Мабыць, кантамінацыя з куражыцца (гл.).

Ку́ралкі ’асобіны канапель з пыльнікамі’ (Сл. паўн.-зах.). Да курыць (гл.) ’пыліць’, суфіксацыя незразумелая. Магчыма, да *куралькі. Тады курыць > кураль > *куралёк ’пыль нік’.