Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Саржа́тка ’тоўстая іголка’ (Сцяшк. Сл.). Гл. шаршатка.

Са́рма ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Няясна.

Са́рна ’горная каза з невялікімі рагамі’ (ТСБМ, Гар., Др.-Падб., Банк і Некр., Янк. БП, Бес.). Рус. зах. сарна́ ’тс’, укр. са́рна (побач з серна) ’тс’. Запазычанне з польск. sarna ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 563) > праслав. *sьrna (Брукнер, 482). Апошняе роднаснае лат. sirna ’сарна, казуля’, ст.-прус. sirvis ’алень’, лац. cervus ’алень’, cornu ’рог’, авесц. srvā ’рог, ногаць’, гоц. haúrn ’рог’. Падрабязна гл. Фасмер, 3, 609.

Саро́ка1 ’птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем’. Укр., рус. соро́ка, ц.-слав. сврака, польск., в.-луж., н.-луж. sroka, славін. sãrka, палаб. svorkó, чэш., славац. straka, серб.-харв. свра̏ка, славен. sráka, балг., макед. свра́ка. Прасл. *sorka і *svorka. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. šárka ’сарока’, ст.-прус. sarke, ст.-інд. çari, çārikā ’майна’ (Траўтман, 419; Торб’ернсан, Liquid, 1, 30; 2, 62). Слав. ‑v‑ тлумачаць як вынік уплыву ц.-слав. свръчата і роднасных, напр. рус. сверчок і г. д.; гл. Праабражэнскі, 1, 358. Форму *sorka параўноўваюць яшчэ з лац. cornīx ’варона’, corvus ’крумкач’, грэч. χόραξ ’крумкач’, гл. Фасмер, 3, 723. Сной₁, 599 узводзіць назву птушкі да і.-е. кораня *kʼer‑ ’чорны’; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1350; Борысь, 573; БЕР, 6, 564.

Саро́ка2 ’жаночая шапачка ў выглядзе какошніка’ (Анім.), ’стужка (вузенькая рабенькая лентачка’ (пух., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. соро́ка ’від жаночай шапачкі’, укр. палес. соро́ка ’жаночы галаўны ўбор у выглядзе цюбецейкі’. Ад сарока1 у выніку падабенства з хвастом сарокі і пёстрай расфарбоўкай пер’яў (Кіпарскі, Gemeinslaw, 101; Торб’ёрнсан, Liquid, 1, 37; 2, 63; Фасмер, 3, 723.

Саро́ка3 ’спецыяльны спосаб укарочвання «перадоўкі» (кароткай вяроўкі, якая канцамі прывязваецца да пярэдняй часткі воза) пры накладванні яе на жэрдку ў час укладвання снапоў’ (Шат.). Відавочна, ад сарока1 (гл.) у выніку падабенства з хвастом сарокі.

Саро́ка4 ’аладка’ (Сл. Брэс., Мат. Гом.). Ад саракі (гл.), таму што ў гэты дзень пячэцца рознае печыва (звычайна ў колькасці 40) для сустрэчы птушак, вясны.

*Сарокі, соро́кі (жытк., Нар. сл.) ’злучаныя парамі накрыж кароткія жэрдкі, якімі прыціскаюць салому ці кастрыцу на вільчыку’. Да сарока1 (гл.), у выніку падабенства да сарочага хваста.

Сарома́ха ’расамаха’ (ТС). Укр. дыял. сорома́ха ’тс’. Магчымы рэлікт; Трубачоў (гл. у артыкуле расамаха), напр., бел. і укр.росомаха лічыць вынікам табуістычнай замены *соромаха ад слав. *sormaxa. Падрабязней гл. расамаха.

Саро́чка ’мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Маш., Чач., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк.), саро́чачка ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. соро́чка ’кашуля’, рус. соро́чка, дыял. сорочи́ца ’сялянская кашуля’, ст.-рус. сорочька, ст.-слав. срачица ’сарочка’, царк.-слав. срака, сракы, Род. скл. ‑ъве, славен. sráčica, srájca, srájčka. Прасл. *sorčica < *sorka (гл. Сной₁, 599). Мяркуецца роднасць з літ. šar̃kas ’адзежа, суконны сурдут рыбакоў’, švar̃kas ’пінжак, халат’, лат. svā́rks ’сурдут, пінжак’. Зычны ‑v‑ тлумачыцца тут уплывам літ. švarùs ’чысты, ахайны’, гл. Траўтман, 299; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1144. З прычыны наяўнасці ‑š‑ у балцкіх словах Фасмер (3, 727 і наст.) адхіляе думку аб запазычанні з германскіх, параўн. ст.-ісл. serkr ’кашуля, сурдут, штаны’, англ.-сакс. sierce (*sarkjôn‑) ’тс’, як меркавалі аб гэтым Сабалеўскі і інш. (Фасмер, там жа). Адвяргаюцца версіі Мюленбаха–Эндзеліна (3, 1144) і Фрэнкеля (IF, 52, 298) з розніцы ў значэннях узвядзенне слав. *sorčica да сяр.-лац. sarica, sērica ’шоўк’, алб. sharkë ’род плашча з белай воўны’; гл. аб гэтым Фасмер, 3, 724. Аб параўнанні з алб. sharkë ’род плашча з белай воўны з чырвонымі крапінкамі’ і з авесц. surī ’скура’, хец. kari̯ia ’пакрываць’ гл. Сной, там жа.

Сарпа́нка, сарпа́нок. Гл. серпанка.

Са́рпаць ’храпці, фыркаць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), сарпану́ць ’разануць, ударыць нажом’ (Бяльк., Юрч.), сарн ’пра фырканне (коней)’ (мсцісл., Нар. лекс.), са́рпанне ’ўсхрап, фырканне’ (Гарэц.). Рус. дыял. са́рпаць ’тс’, выкл. сарп ’фырк!’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 563). Параўн. яшчэ укр. са́ркати, са́рчати ’фыркаць’.

Сарпі́нка ’лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку’ (ТСБМ, Нар. сл., Жд. 1). Запазычанне з рус. сарпи́нка ’паласатая або клятчастая тканіна з Сарэпты’. Апошняе ад назвы ракі Сарпа, прым. са́рпино (Фасмер, 3, 563).