Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Страхалю́д ‘страшнага выгляду чалавек, пачвара’ (Юрч. Вытв.). Да страх і люд (гл.), магчыма, з польск. stracholud ‘страшылішча’.

Страхапу́д, страхапу́дала ‘страшыдла, пачвара (Юрч. Вытв., Мат. Гом.), страхопу́д ‘баязлівец’, ‘пудзіла’ (Сл. Брэс.; пін., брэсц., Нар. лекс.), страхопу́д, страхапу́дзіна ‘чалавек, які можа навесці страх сваім выглядам’ (Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), страхопу́т ‘страшыдла’ (ТС). Укр. страхопу́д ‘страшыдла, пудзіла’. Да страх і пудзіць. Магчыма, кантамінацыя, паколькі спалучэнне сінанімічных паняццяў у адным складаным слове здаецца збыткоўным. Да словаўтварэння параўн. саракапут (гл.), чэш. strakapúd ‘від дзятла’ (гл. Махэк₂, 581). Няясныя адносіны да славен. strahopeten ‘палахлівы’, strahopetec ‘баязлівец’, звязаных з славен. petáti ‘бегчы, спяшацца’, pripetiti ‘здарыцца’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 30) узводзіць да і.-е. *pent‑ ‘ступаць, ісці, хадзіць’, гл. пуць. Тады другая частка слова можа быць атаясамлена з пут‑, прадстаўленым у сухапу́т ‘худы чалавек’ (Ян.), сухопу́цье ‘суша’ (ТС), збліжаным з пудзіць ‘палохаць’ (гл.). У такім выпадку ўкр. страхополо́х, польск. strachopłoch ‘баязлівец’ — другасныя ўтварэнні; параўн. таксама польск. strachopłód ‘тс’ (‘той, хто плодзіць страх’, Варш. сл.), strachopuł ‘тс’, укр. страхопі́льне ‘пудзіла, прывід’ з няяснай другой часткай.

Страха́р ‘рабочы, які крые стрэхі’ (ТСБМ), ст.-бел. страхаръ (стрехарь) ‘майстар, які крыў стрэхі’ (Ст.-бел. лексікон). Ад страха (гл.), параўн. польск. strzecharz ‘тс’; аднак не выключана адаптацыя запазычанага праз польск. strycharz ‘муляр; той, хто робіць цэглу’ з с.-в.-ням. strīcher ‘тс’ (Нававейскі, Zapożyczenia, 11), збліжанага з польск. strych ‘гарышча’. Параўн. стрыхоўка (гл.).

Страхо́ма ‘доўгая вейка’: надо вырваті страхому, каб … нэ лэкалосо дітя (пін., Шатал.). Няясна, відаць, да страха́цца ‘баяцца’ (ад страх, гл.), параўн. прыслоўе славен. strahoma ‘са страхам, баючыся’. Збліжана з трахома ‘хвароба вачэй’, гл.

Страце́нне ‘смяротная кара’, ‘адсячэнне (галавы)’ (Нас., Гарэц.), страцэ́ня, страцэнё ‘знішчэнне’ (Сл. ПЗБ), страце́не ‘страта’ (Нар. Гом.), стра́ціць ‘загубіць, знішчыць, пазбавіць жыцця’ (Нас., ТСБМ, Нар. Гом., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк.). У спецыфічным значэнні ‘пазбаўленне жыцця’, хутчэй за ўсё, з польск. stracenie ‘пакаранне смерцю’, stracić ‘пакараць смерцю’, што развілося на падставе значэння ‘згубіць, загубіць’, тыповага для стра́ціць, што да тра́ціць (гл.), параўн. страта ‘згуба’.

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.

Страшко́ ‘страхапуд’ (Сл. Брэс.), ‘палахлівец’ (Клім.). Вытворнае ад страшыць (гл.) з суф. ‑к‑, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 46. Сюды ж стра́шко ‘страшна’ (Мат. Гом.).

Страшчы́ць. Гл. стрысціць.

Страшы́ць ‘палохаць, выклікаць страх’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. страши́ти, рус. страши́ть, стараж.-рус. страшити, польск. straszyć, в.-луж. trašić, чэш. strašit, славац. strašiť, серб.-харв. стра̏шити, славен. strášiti, балг. страша́, макед. страши, ст.-слав. страшити. Прасл. *strašiti ад *straxъ, гл. страх (Фасмер, 3, 772; Борысь, 579). Сюды ж страшы́дла ‘той, хто (або што) мае страшны выгляд, выклікае страх’, ‘вырадак’, ‘пудзіла’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), страшы́дло ‘тс’ (ТС). Запазычанае з польск. straszydło ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83), параўн. формы з аднаўленнем этымона: страхі́дло, страхові́дло ‘тс’ (ТС) і зыходнага страхові́ло ‘тс’ (там жа), што суадносіцца з сваім страшы́ла ‘тс’, параўн. славен. strašilo ‘пудзіла’, укр. страши́ло ‘страшылішча’ і пад.

Стро́гі ‘патрабавальны, сур’ёзны, суровы’, ‘правільны, адпаведны норме’ (ТСБМ), ‘чуйны; асцярожны, ашчадны’ (Нас.), ‘патрабавальны; ашчадны, асцярожны’ (Байк. і Некр.), ‘патрабавальны’ (брасл., смарг., Сл. ПЗБ), ‘асцярожны, акуратны’ (Юрч. Вытв.), ‘суровы, дакладны, вытрыманы’ (ТС), стро́га ‘асцярожна’ (Бяльк.), ‘вытрымана, сціпла’ (ТС); сюды ж сро́гі ‘патрабавальны; суровы’, сро́га ‘патрабавальна’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. стро́гий, польск. srogi ‘бязлітасны, жорсткі’, дыял. strogi ‘тс’, чэш., славац. strohý, серб.-харв. стро̏г, славен. strọ̑g, балг., макед. строг. Заходне- і паўднёваславянскія формы лічацца запазычаннем з рускай або ўкраінскай; гл. Младэнаў, 612; Торб’ёрнсан, Liquid., 1, 30; Голуб-Копечны, 355. Рускае стро́гий, на думку Шахматава (Очерк, 155), Праабражэнскага (2, 399), запазычана з польск. srogi ‘грозны’; уся гэта група слоў набліжаецца да стораж, сцерагчы. Бязлай (3, 331) мяркуе, што ў гэтым выпадку ст.-слав. срагъ ‘грозны, страшэнны’ сведчыла б аб прасл. *sorgъ, роднасным літ. sir̃gti ‘быць хворым’, тах. А särk, тах. B sark ‘хваравіты’, ст.-в.-ням. sorga ‘смутак’. Іншая версія — роднасць з с.-н.-ням. strak (strack) ‘жорсткі, тугі’, нарв. strak, strakk ‘тугі, нацягнуты, прамы’, літ. stregti ‘застываць’, лат. strēǵele ‘лядзяш’ (Зубаты, Studie, 2, 171; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1080) з рэканструкцыяй у гэтым выпадку прасл. *strogъ, якое Бязлай (там жа) узводзіць да і.-е. *strogo‑ < *(s)treg‑ ‘цвярдзець, быць цвёрдым, жорсткім’. Гл. таксама Фасмер, 3, 779–780; Глухак, 589; ЕСУМ, 5, 448.