Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Стро́нга ‘прэснаводная рыба сямейства ласасёвых; фарэль’ (ТСБМ, Янк. БП), стронг, стронк ‘тс’ (гродз., маладз., навагр., шальч., Сл. ПЗБ), стро́нга ‘рыба Salmo trutta L.’ (Жукаў). З польск. pstrąg ‘тс’, што да *pьstrъ ‘стракаты’; формы без пачатковага n‑ у выніку дээтымалагізацыі, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 63.

Строні ‘для, дзеля’ (Кал.), стро́нэ ‘наконт, дзеля’ (Сл. Брэс.), кстро́ні ‘збоку’ (калінк., З нар. сл.). Паланізм, зыходнымі маглі быць формы stronnie ‘маючы інтэрас, пажытак’, strony ‘што тычыцца’, ku stronie ‘на карысць’, што да strona ‘бок; карысць, пункт гледжання’ (Варш. сл.). Параўн. старана (гл.).

Стро́нціць ‘пашкодзіць, звіхнуць’ (Сцяшк. Сл.), ‘пакалечыць’ (іўеў., шальч., воран., паст., Сл. ПЗБ), стро́нціцца ‘ўпасці’ (шальч., Сл. ПЗБ). З польск. strącić ‘збіць, зваліць, упіхнуць’.

Строп1 ‘канат, трос’ (ТСБМ). Праз рус. строп ‘тс’ з гал. strop, н.-ням. stropp ‘тс’. Гл. Фасмер, 3, 782.

Строп2 ‘стык бакоў страхі’ (ТСБМ, кіраў., Нар. сл.; Шушк.; барыс., Шн. 2), ‘страха’ (Байк. і Некр., Нас.), ‘столь’ (Нас., Жд. 3, Маш., Зеньк.), ‘верх страхі пад вільчыкам’ (Касп., Барад., ТС, ЛА, 5), ‘накладка на верхняй частцы саламянай страхі’ (Скарбы), ‘прастора паміж верхняй часткай страхі і верхняй часткай крокваў’ (Тарн.), страпа́ ‘кроквы’ (паст., Сл. ПЗБ). Укр. стріп ‘страха; столь’, рус. пск., зах. строп ‘страха, гарышча, столь’, польск., чэш., славац. strop, славен. stròp ‘столь, кроквы, франтон’, балг. строп ‘гарышча, ярус’, ст.-слав. стропъ ‘страха; столь’. Прасл. *stropъ (магчыма, з *sropъ, з ‑t‑ устаўным, параўн. востраў, струга) параўноўваецца з ст.-ісл. hróf ‘страха; паветка’, англ.-сакс. hróf, англ. roof, ірл. cro ‘агароджа, перагародка, хлеў, хаціна’ (< *cropo‑) (гл. Траўтман, 309; Фасмер, 3, 781 з іншай літ-рай), якія да і.-е. *kʼrā‑po; сюды ж з іншым суф. гоц. hrot (< *kʼrā‑do) ‘страха’; гл. Борысь, 581; Сной₁, 616. Менш прымальным лічыцца параўнанне з лат. straps ‘выцягнуты, прамы’, нов.-в.-ням. straff тугі’, літ. stir̃ptí, stirpstù ‘падрастаць’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1081; Младэнаў, 613) або з грэч. ἐρἐφω ‘накрываю’, όροφή ‘страха’ (Махэк₂, 583).

Стро́паць ‘ісці’: стропай тады адсюль (Мат. Гом.). Магчыма, да тропаць, гл.

Стро́піцца ‘спужацца, спалохацца’ (ТС). Відаць, звязана з ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, для якога Слаўскі (SOr, 18, 255) дапускае развіццё значэння ад ‘быць нерухомым’ да ‘аслупянець (ад страху)’. Параўн. укр. торопи́тися ‘пужацца, бянтэжыцца’, рус. оторопе́ть ‘збянтэжыцца, атарапець’. Тады стропіцца з *сторопіцца, магчыма, пад уплывам строп (гл.) і моцнай рэдукцыяй другога ‑о‑. Далей гл. атарапець, торап. Магчыма, звязана з троп: збіцца з тропу (гл.), а таксама літ. strópti ‘цвярдзець’ (аслупянець?). Гл. таксама стрэпаць.

Стро́ўбель ‘вясёлка’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. straublỹs ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 602).

Стро́чка ‘стужка’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.). Укр. стрі́чка ‘тс’. Да страка (гл.); як мяркуюць аўтары ЕСУМ (5, 448), “паколатая” стужка.

Струб ‘зруб’ (Нас., Гарэц., Касп., ТС, Мат. Гом.), істру́б (Гарэц.). Гл. іструб.

Струбі́ць ‘прагна з’есці, патраціць, змарнаваць’ (ТСБМ), ‘згубіць, знішчыць’, струбі́цца ‘згінуць, прапасці’ (ТС), ‘спаліць, знішчыць’ (ПСл), струбі́ць ‘спаліць’ (Мат. Гом.), струбы́ты ‘падзець, згубіць’ (Клім.), стру́быты экспр. ‘знішчыць’ (Сл. Брэс.). Відаць, экспрэсіўны дзеяслоў, вытворны ад трубіць (гл.) < труба; параўн. трубі́ць ‘прагна есці і піць’ (Нас.); не выключана другасная сувязь з рус. истреби́ть ‘знішчыць’.