Струсі́ць ‘стрэсці’, струсну́ць ‘страсянуць’ (ТС), сюды ж струхну́цца ‘страсянуцца’ (Нар. Гом.). Да трусі́ць, гл.
Струсь ‘страус’ (Ласт.), ст.-бел. струсъ, струць ‘тс’. Гл. страус.
Струт: але дух народу струт (А. Абуховіч). Значэнне няпэўнае; Пацюпа (Наша слова, 1995, 29 лістап.) узнаўляе як ‘параза’, спасылаючыся на ст.-бел. струтъ, якое Зізаній (79) тлумачыць “збурене мѣста албо люду побитье”. Няясна. Пацюпа (там жа) выводзіць з трут (гл.), параўноўваючы з літ. treñkti ‘грымнуць, ударыць’. Параўн. таксама ўкр. дыял. струт ‘выгоднае, зручнае месца’, якое спрабуюць звязаць з старым польск. stręt ‘перашкода’ (ЕСУМ, 5, 455). Фармальна адпавядае польск. strącic ‘збіць, скінуць’ (гл. стронціць), якое лічаць роднасным названаму літоўскаму слову (польск. trącic ‘штурхаць; чэш. trútiti ‘тс’, гл. Брукнер, 575; Махэк₂, 655)’.
Струткі́ ‘пласт з трубачак пад мякаццю грыбной шапачкі’ (Ласт., Сярж.–Яшк.), струтчакі́ ‘трубчастыя грыбы’ (там жа). Да трут, гл.
Струх ‘нешта струпелае’ (Барад.), стру́хнуць, струхне́ць ‘збуцвець, спарахнець’ (ТС). Гл. трухнуць, трухлы (гл.).
Стру́чны ‘дзе шмат струкоў’ (Варл.; ашм., Стан.), ‘з мноствам ягад’ (бяроз., Шатал.; Сл. Брэс.), ‘кусцісты, шматклубневы (напр., цыбуля)’ (пух., З нар. сл.), струча́ны ‘з мноствам струкоў’ (талач., Шатал.), стручы́сты ‘тс’ (мядз., Нар. сл.). Да струк 1 (гл.).
Стручо́к ‘пеніс у хлопчыка’: каля карчоў рачок і ўхопіцца за стручок (Барадулін, Дуліны ад Барадуліна, 2004, 176). Укр. аргат. стручо́к ‘тс’. Відаць, да струк 1 (гл.).
Стру́шанка ‘сена і салома, змешаныя разам’ (Нас., Янк. 2; віл., лаг., Сл. ПЗБ; Юрч.), струша́нка ‘тс’ (Бяльк.), стру́шынка ‘тс’ (чавус., Нар. сл.), стру́шанка, тру́шанка ‘тс’ (Мат. Маг.). Параўн. струшваць ‘страсаць’ (Др.-Падб.) < трусіць, адсюль *струшаны, ад якога ўтвораны дэрываты з суф. ‑к‑. Параўн. трусіць, трасянка, гл.
Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).
Струя́ ‘струмень’ (ТС, Сцяшк.), струй ‘тс’ (ТС), ‘рэчышча’ (Сл. ПЗБ). Укр. стру́я, струя́ ‘тс’, рус. струя́ ‘тс’, стараж.-рус. струя, серб.-харв. стру́ја, славен. strúja ‘рукаў ракі, канал, цячэнне, струмень’, балг. струя́, макед. струја ‘струмень’, ст.-слав. строуꙗ ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struja з’яўляецца дэрыватам ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’ з суф. ‑ja (Слаўскі, SP, 1, 82) і ўстаўным ‑t‑; параўн. струга, струмень, востраў (гл.). Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. sraujà ‘цячэнне’, sraũjas ‘хуткі’, лат. stràuja ‘імклівы’, ст.-в.-ням. Stroua, Streua, нова.-в.-ням. Streu ‘прыток Заале’. Гл. Фасмер, 3, 785 з літ-рай; Бязлай, 3, 335; Скок, 3, 349–350; Глухак, 590; ЕСУМ, 5, 455.