Трут ‘высушаная губа, якая выкарыстоўваецца для высякання агню’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц.; дубр., мсцісл., стаўб., клім., ЛА, 4), ‘чага, бярозавая губка’ (Ласт., Меер Крыч.), ‘губа на альсе’ (гарад., ЛА, 1), сюды ж, відаць, і ў праклёне каб цябе трут еў, як ты абʼідаіш мае дабрыцо! (Варлыга, Прыказкі Лагойшчыны, New York; München, 1966, 104). Укр. трут ‘кнот або высушаны грыб-трутавік (выкарыстоўваецца пры высяканні агню)’, рус. трут ‘перапаленая ў закрытым сасудзе анучка, пры дапамозе якой здабываецца агонь’, стараж.-рус. трудъ ‘губка з дрэва’, чэш. troud, мар. trúd, славац. trúd, славен. tród, харв. trûd, серб. тру̂б, макед. трат, балг. трът ‘трут’, ст.-сл. трѫдъ ‘тс’. Прасл. *trǫdъ ‘гнілізна, парахно’, утворанае ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова; супастаўляюць з літ. trandìs ‘караед’, trandýti ‘есціся караедамі’, trendéti ‘быць паточаным моллю’, лат. trenéti, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. trnátti ‘расколвае, прадзіраўлівае, адкрывае’, ст.-грэч. τερδών ‘шашаль’ (Фасмер, 4, 110; Брукнер, 575 і 577; Махэк₂, 653; Голуб-Копечны, 391; Траўтман, 328; Скок, 3, 514; Глухак, 642; Зубаты, AfslPh, 16, 416; ЕСУМ, 5, 660). Сюды ж: трутаві́к ‘грыб, які паразітуе на дрэвах’ (ТСБМ; клім., ветк., ЛА, 1, Мат. Гом.).