Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стрые́чны ‘які знаходзіцца ў сваяцтве па дзеду ці бабцы з дзецьмі іх сыноў або дачок; дваюрадны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Сцяшк., Янк. Мат., Пан., Сл. ПЗБ), ‘траюрадны’ (швянч., Сл. ПЗБ), стрэ́чны ‘дваюрадны’ (Скарбы, Чуд.), стрі́ечный ‘дзядзькаў сын, дачка’ (Бяльк.), стрые́шный ‘тс’ (Нас.), стрые́чная ‘жонка дваюраднага брата’ (Яруш.), стрые́чка ‘дваюрадная сястра’ (Нас., Байк. і Некр.). Ад стрый (гл.), параўн. ст.-бел. стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. Шаўр, Etymologie, 36.

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Стры́жка ‘страказа’ (Жд. 1, ЛА, 1). Гл. стрыга.

Стрый ‘дзядзька па бацьку’ (Нас., Байк. і Некр.; іўеў., Сл. ПЗБ; Бес., Янк. БП), стры́ек ‘брат бацькі’ (Скарбы), стрыёк ‘тс’ (Нас.), стрые́чка ‘дочка дзядзькі’, ст.-бел. стрий, стрый ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон), стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (там жа). Параўн. укр. дыял. стрий ‘дзядзька па бацьку’, рус. дыял. строй ‘дзядзька па бацьку; калека, жабрак’, стараж.-рус. стрыи, стръи, строи ‘брат бацькі’, польск. stryj, каш. strij, в.-луж. tryk, чэш., славац. strýc ‘стрый; наогул стары чалавек’, славен. stríc ‘брат бацькі або маткі’, серб.-харв. strȋc, балг. дыял. стри́ко, макед. дыял. стрико ‘стрый, дзядзька, дарослы мужчына’, ст.-слав. стрыи, ‘тс’. Прасл. *stryjь, *strъjь ‘стрый’. Этымалагічныя версіі розныя. Паводле Мікалы (Ursl. Gr., 65), славянскае слова набліжаецца да лац. patruus ‘стрый’, ст.-інд. pitr̥vyas, авест. tūirya‑, ст.-в.-ням. fetiro/fatirro ‘тс’, ням. Vetter ‘пляменнік’ і ўзнікла, відаць, на аснове і.-е. *pətru̯i̯o‑ ‘бацькоўскі’, прыметніка ад і.-е. *pəter‑ ‘бацька’ (параўн. лац. pater ‘тс’), з больш ранняга *ptru̯i̯o‑ ‘кроўны, брат бацькі’ са змяненнем групы ptr > *str, або, як мяркуе Трубачоў (История терм., 79–81), з улікам авестыйскай формы з ttr > str. Доўгае ‑y‑ у корані развілося з напружанага ъ перад i. Гэтую версію падтрымліваюць Мее, Études, 393; Лер–Сплавінскі, JP, 24, 44; Махэк₂, 584. На іншую думку, слав. *stryjь роднаснае літ. *strūjus ‘дзед’, ст.-ірл. sruith ‘стары, паважаны’, вал. strutiu ‘тс’; гл. Буга, РФВ, 75, 147; Траўтман, 290; Брукнер, 522; Покарны, 1037. Супраць Трубачоў, тамсама. Агляд этымалогій гл. яшчэ Фасмер, 3, 780; Сной₁, 614; Бязлай, 3, 328; Борысь, 583; Шаўр, Etymologie, 73–74; ЕСУМ, 5, 442.

Стрык1 ‘прыстасаванне ў возе для прыпрэжкі другога каня’ (ТС), ‘дрот або вяроўка, што праходзіць пад возам з задка ў перадок да ручак’ (Маслен.). Праз старое польск. stryk ‘матуз’, сучаснае stryczek ‘тс’, з ням. Strick ‘вяроўка’, звязанага з stricken ‘завязваць, плясці’ (Брукнер, 522; ЕСУМ, 5, 444).

Стрык2 ‘ціпун’ (Арх. Федар.): stryk tobie na jazyk! (жартам, Федар. 4). Магчыма, ад стрык ‘пстрычка’ (Нас.), што да стрыкаць (гл.).

Стрык3 ‘сажань, прылада мераць зямлю’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, да стры́каць (гл.), тут у значэнні ‘скакаць, перакідацца’, што адлюстроўвае працэс вымярэння пры дапамозе такой прылады.

Стрыказа́ ‘конік, які скача і стракоча крыламі’ (Скарбы; віц., Жыв. НС). Да стры́каць, гл. страказа; параўн. стрыку́н ‘тс’ (віц., Жыв. НС).

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Стрыкулі́ст ‘зухаваты, жулікаваты хлопец’ (Бяльк.). Да стры́каць (гл.), відаць, ад *стрыкулісты.

Стрымб ‘расшчэп (у дрэве)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. strim̃bas ‘корч’.