Стры́хар ‘той, хто фармуе цэглу’ (Скарбы), стрыха́р ‘цырульнік’ (Сцяшк.). З польск. strycharz ‘фармоўшчык цэглы’, што з ням. Streicher ад streichen ‘раўняць, гладзіць, прыгладжваць (у тым ліку валасы і інш.)’, фанетычна змененае пад уплывам польск. strych < ням. Strich ‘лінія’, параўн. страха́р, гл. (Карскі, Белорусы, 157).
Стрыхо́ўка ‘прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі’ (ТСБМ, Янк. 1, Пятк. 1), стрыхо́ўка, страхо́ўка, стрыха́лка, страха́лка, стры́хаўка (Сл. ПЗБ), стрыха́лка, стрыха́ўка (Сцяшк.), стрэха́лка, стрэха́ўка (ТС), стрыха́лка, стрыхо́вец ‘тс’ (Шатал.), стрыхо́ ‘тс’ (Сцяшк.), стрыха́рка ‘прылада для выраўноўвання гліны’ (Скарбы), стрыхава́ць ‘раўняць (збожжа пры насыпанні)’ (Сержп. Прымхі), ‘фармаваць, надаваць пэўную форму гліне’ (Скарбы), стрыхава́ць, стрэхава́ць ‘падраўноўваць стрыхоўкай салому’ (Янк. 1). Праз польск. strych, strychulec ‘дошчачка для выраўноўвання сыпкіх матэрыялаў’, якое паходзіць з нова-в.-ням. Streichholz ‘тс’ (Брукнер, 521), y < î пад уплывам strych < ням. Strich ‘лінія’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 344–345). Націск беларускіх слоў указвае на магчымае пасрэдніцтва польскага strychówka, параўн. strychować ‘раўняць’ < ням. streichen.
Стры́ца, стры́чшка ‘калёсіка ў калаўроце з выемкай, на якую накладваецца шнур’ (Скарбы; свісл., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, да польск. stryk ‘шнур’ < ням. Strick ‘тс’, звязанага з Strang ‘шнур’ (Брукнер, 522), што ўяўляе семантычны перанос па сумежнасці. Параўн. польск. stryczek ‘шнурок, вяроўка’, ад якога ст.-бел. стричокъ ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 102.
Стрыч, стрыча́н ‘сцябло без лісця’ (ТС), сюды ж стрыча́ць ‘тырчаць’ (Сцяц. Сл.). Няясна; магчыма, з метатэзай ад стырчаць (гл.), параўн. яшчэ старч ‘стырчак’ (ТС), гл.
Стрэ́дні ‘дваюрадны’ (ТС), стрэ́нні ‘тс’ (Янк. 3.; пух., З нар. сл.), стры́нні ‘тс’ (Бузук., Паўд.-бел.). Пераасэнсаваны пад уплывам стрэ́ча ‘ступень роднасці’ (< стрэ́чны ‘дваюрадны’) прыметнік стрыечны (гл.), параўн. брат (сястра) у першай стрэчы (у першым стрэчанні, стрэнні), у другім стрэнні брат; браты першага стрэння (Пан.), што з’яўляецца вынікам аманіміі з стрэча ‘сустрэча’ (Янк. 2, 169), дн < нн у выніку дысіміляцыі. Гл. стрый, стрэча 2.
Стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Байк. і Некр.), ‘страляніна, стральба’ (Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. стріл ‘выстрал’, дыял. стрел ‘страляніна’, польск. strzał ‘выстрал’, ‘адлегласць, на якую разлічаны выстрал’, славен. strel ‘выстрал’. Поствербальнае ўтварэнне ад *strěliti ‘стрэліць’, ітэратыў *strělʼati, гл. страляць. Аддзеяслоўны назоўнік ст.-бел. стреленье ‘адзінка вымярэння адлегласці выстралу, роўная 60–80 м; выстрал’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. польск. strzelenie ‘адлегласць выстралу’, славац. strelenie ‘выстрал, адлегласць выстралу’, славен. streljaj ‘адлегласць выстралу, дыстанцыя стральбы’ і інш., што, магчыма, адлюстроўваюць цэнтральнаеўрапейскі ваенны тэрмін, параўн. ням. Schuß ‘стрэл’, Schußbereich ‘дальнасць выстралу’ (ад schießen ‘страляць’).
Стрэ́ліца ‘стрэлкаліст, Sagittaria L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), стрэлі́ца ‘вага ў студні з жураўлём’ (добр., ДАБМ, камент., 809). Да страла 1 (гл.) з-за знешняга падабенства; да словаўтварэння параўн. славен. strelica ‘страла’. Этымон адлюстраваны і ў навуковай назве расліны, суадноснай з лацінскай, параўн. sagitta ‘страла’.
Стрэ́лка 1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла 1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.
Стрэ́лка 2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.