Страмі́ць ‘тырчаць, стырчаць’ (Арх. Федар.), сюды ж, відаць, стрымі́ты экспр. ‘знаходзіцца’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. дыял. стримі́ти ‘тырчаць’, чэш. strměti ‘стырчаць, выдавацца’, славац. strmieť ‘тс’, славен. strméti ‘тырчаць, стырчаць, выступаць’, што ўзыходзяць да прасл. *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 180), што да і.-е. *ster‑ ‘тс’ (параўн. ЕСУМ, 5, 438; Фасмер, 3, 775).
*Страмля́ць, стромля́ти ‘утыкаць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга слова.
Страмп ‘пень’ (Мат. Гом.). Параўн. страмбе́ль, гл.
Страмя́к, страмя́ка ‘стрэмка’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.; воран., лід., маст., шчуч., дзятл., Сл. ПЗБ), страма́к ‘тс’ (Суднік, Диалекты, 206). Дэрываты ад страміць (гл.). Сюды ж страмля́к ‘стрэмка’ (Сцяшк. Сл.; іўеў., карэліц., Сл. ПЗБ), якое аўтары слоўніка выводзяць з літ. stramlỹs ‘тс’. Параўн. стрэмка.
Страмяну́ць ‘рынуцца’ (шчуч., З нар. сл.), ‘кінуць, кінуцца’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стрімну́ти ‘кінуцца’. Роднаснае рус. стреми́ть ‘накіроўвацца, хутка рухацца’, серб.-харв. стре́мити ‘імкнуцца, прагнуць’, славен. stramíti ‘прагнуць’, балг. стремя́ се ‘імкнуцца, прагнуць’, макед. стреми се ‘тс’, ст.-слав. стрьмити ‘тс’. Прасл. *stremiti ‘накіроўваць, скіроўваць’, роднаснае *strьměti, *stromъ (гл. страміць). Паводле Младэнавай (Нов. в рус. этим., 224), узыходзіць да і.-е. *ster‑m‑ < *ster‑, што першапачаткова абазначала рух у любым кірунку. Гл. таксама Фасмер, 3, 775; Варбат, Этимология–1994–1996, 39; ЕСУМ, 5, 437–438.
*Страпаліць: страпале́ннік ‘падбухторшчык’, страпале́нніца ‘падбухторшчыца’ (Юрч., СНС). Гл. настрапаліць.
*Страпе́ц, стропэ́ц ‘укладка з дзесяці снапоў, мэндлік, бабка’ (Сл. Брэс., Выг.). Дэрыват ад строп (гл.) з суф. ‑ец; перанос па падабенстве, параўн.: девять снопів поставлять, а дэсетого на шепку, то будэ стропэц. Гл. Выгонная, БЛ, 6, 63–64. Няясныя адносіны да страпе́ц ‘памылка, якая з’яўляецца вынікам неабдуманасці (і праз гэта чалавек трапляе ў кепскі, безвыходны стан)’: пыпаласьу страпец (Бяльк.). Адпавядае рус. разм. кры́шка ‘канец, капец’?
Страпі́лы мн. л. ‘кроквы’ (Бяльк.), стропі́ло ‘тс’ (Шушк.), страпі́ліны ‘тс’ (Ян.). З рус. стропи́ло, мн. л. стропи́ла ‘тс’, якое да строп, гл. (Фасмер, 3, 781).
Страпкі ‘завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культ., 1971, 3, 42), стрэпкі́ ‘махры’, ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС). Параўн. укр. стрі́пки ‘махры’, стра́пки ‘лахманы, рыззё’, польск. strzępek ‘махор; нітка, што тырчыць з тканіны’, дыял. strzępki ‘фрэнзлі; канцы паяска ў фартушку для завязвання ззаду’, чэш. střap ‘акравак’, славац. strapec ‘кутас’, strapák ‘кудлач, растропа’, што несумненна звязаны з *trepati (гл. трапаць, стрэпкі). Цяжкасці, што ўзнікаюць пры рэканструкцыі зыходнай формы, вырашаюцца ўзвядзеннем да варыянтнага кораня *strap‑/*strʼap‑ ‘растрэпваць, расцёпкваць’ з рэфлексамі і.-е. s‑mobile (Варбат, Этимология–1985, 24–27), параўн. трапкач ‘рушнік з махрамі’ (гл.). Інакш ЕСУМ, 5, 433 (звязваецца з прасл. *tręp‑/*stręp‑ ‘кутас, махор; ануча, рызман’). Сувязь з рус. стряпать ‘гатаваць, варыць ежу’ (Брукнер, 522–523) падаецца менш верагоднай.