Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Страда́ць, страда́тэ ‘перажываць’ (в.-дзв., люб., кам., Сл. ПЗБ), ‘гараваць, мучыцца’ (Некр., ТС), ‘пакутаваць’ (Ян.), стражда́ць ‘пакутаваць’ (Нар. Гом.), стражда́цца ‘вандраваць, ездзіць (па свеце)’ (Сцяшк. Сл.), стра́да ‘цяжкае жыццё, мука’ (ПСл), страда́, стра́да ‘пакута’ (Ян.), стра́днік, стра́дніца ‘гаротнік, пакутнік, гаротніца, пакутніца’ (Нас., Шымк. Собр.; гом., Нар. лекс.; Растарг., Ян., ТС), стра́дочка ‘гора, мука’ (ТС), стра́дны ‘гаротны, змучаны’ (там жа). Параўн. укр. страда́ти, стражда́ти ‘цярпець, пакутаваць’, рус. страда́ть ‘тс’, стараж.-рус. страдати ‘працаваць; цярпець, пакутаваць’, страждеть ‘мучыцца’, старое польск. stradać ‘траціць, пазбаўляцца чаго-небудзь’, чэш. strádati ‘цярпець, пакутаваць’, славац. stradať ‘тс’, в.-луж. tradać ‘бедаваць’, н.-луж. tšadaś ‘тс’, серб.-харв. стра́дати ‘пакутаваць’, славен. strádati ‘тс’, балг. стра́дам ‘тс’, макед. страда ‘тс’, ст.-слав. страдати ‘пакутаваць; напружвацца, змагацца’. Прасл. *stradati ‘бедаваць’ лічыцца аддалена роднасным лац. strēnuus ‘старанны, дзейны; дужы’, грэч. στρηνής, στρηνός ‘востры, жорсткі’, што бліжэй тлумачаць старацца (гл.); выводзіцца з і.-е. strō‑ з пашырэннем ‑dh‑, звязаным з *(s)ter‑ ‘быць нерухомым, аслупянелым’. Гл. Фасмер, 3, 770; ЕСУМ, 5, 431; Новое в рус. этим., 220. У сувязі з шырокім распаўсюджаннем у народнай мове малаверагодна новае запазычанне з рускай мовы (так Сл. ПЗБ, 4, 593).

Страж ‘ахоўнік, абаронца’ (ТСБМ), страж, стра́жа ‘варта’ (беласт., ашм., Сл. ПЗБ). Мяркуючы па прыкладах, даволі позняе запазычанне з рус. страж ‘тс’, дзе праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. стражь, стража ‘тс’, або праз польск. straż ‘тс’, што з чэш. straž, параўн. ст.-польск. stróża (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 341). Сюды ж стра́жнік ‘ляснік, лясны абходчык’ (Нас., Гарэц.; ганц. Ск. нар. мовы), ‘паліцэйскі’ (Бяльк.), што з рус. стра́жник ‘вартаўнік’ або польск. strażnik ‘вартаўнік, наглядчык’. Гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 62.

Стражы́на ‘прыстасаванне для сушкі бульбяніку, снапоў, канюшыны’ (Жд. 2, 3; узд., ДАБМ, камент., 790). Магчыма, да страгнуць (гл.) з актуалізацыяй значэння ‘тое, на што насаджваюць, навязваюць’. Параўн. таксама Сной, SR, 1990, 4, 371 і наст.

Страйк ‘забастоўка’ (Беларусіка, 19, 226), страйкава́ць ‘баставаць’ (Сл. ПЗБ). Запазычана праз польск. strajk або ідыш Strajk (Шульман, Полымя, 1926, 8, 212) з англ. strike ‘забастоўка; баставаць’, з першасным значэннем ‘біць, стукаць’ і спецыяльным значэннем ‘спускаць ветразі’ (Сной₂, 742; ЕСУМ, 5, 432).

Страйхо́ды ‘басаножкі’ (Сл. рэг. лекс.), срайхо́ды ‘старыя боты з адрэзанымі халявамі’ (мядз., Шатал.). Няясна. Відаць, складанае слова, другая частка — да хадзіць, ход, параўн. скараходы, хадакі.

Страк ‘страказа’ (шчуч., ЛА, 1). Несумненна, пачатак слова страказа (гл.), збліжаны з строк, гл.

Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Страказа́ ‘стрэлка, насякомае з празрыстымі крыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., ЛА, 1), страказа́, стрыказа́, стрыкоза́ ‘тс’ (нясвіж., лід., докш., Сл. ПЗБ), ‘конік’ (Бяльк.; шчуч., лудз., Сл. ПЗБ), стрыказа́ ‘конік, які скача і стракоча крыламі’ (Скарбы), ‘шпілька’ (пін., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. стреко́за, стрекоза́ ‘цыкада’, стри́коза ‘насякомае Libellula L.’, рус. стрекоза́ ‘тс’. Вытворнае ад стры́каць ‘рабіць хуткія рухі; пстрыкаць’ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 774; словаўтварэнне, відаць, як у слімаза́ ‘плакса’ (ад слімаць, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 41), канец слова, магчыма, збліжаны з каза́; значэнне ‘конік’ пад уплывам стракатаць. Агляд версій гл. ЕСУМ, 5, 443.

Страката́ць ‘цвіркаць, трашчаць, траскатаць (пра насякомых і птушак)’ (ТСБМ, Сцяшк.; лудз., Сл. ПЗБ), ‘сакатаць’ (шуміл., Сл. ПЗБ), стракаце́ць ‘скрыпець’ (Сцяшк.). Параўн. укр. стрекота́ти, стрекоті́ти ‘тс’, рус. стрекота́ть ‘тс’. Гукапераймальнага паходжання, параўноўваюць з лац. strīdeō, strīdō ‘сіпець, скрыпець, трашчаць, гудзець, свісцець’, грэч. τρίξω, τέτρῑγα ‘шчабятаць, стракатаць’ і пад., і.-е. *(s)treig‑ ‘шыпець, трашчаць, гудзець’; гл. Праабражэнскі, 2, 395; Фасмер, 3, 774; Будзішэўска, Słown., 158; ЕСУМ, 5, 436–437.

Страка́ты ‘рознакаляровы, разнашэрсны, плямісты, пярэсты’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл.; астрав., шальч., вільн., Сл. ПЗБ), стрыка́ты ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.), строка́тый ‘масць чорная з белым або чорная, белая і чырвоная’ (Клім.), стрэка́тый (стрека́тый) ‘плямісты, пярэсты’ (Нас., Мядзв.). Укр. строка́тий ‘плямісты; пярэсты (аб масці жывёліны)’, чэш., славац. strakatý ‘тс’. Узводзяць да рус. строка, г. зн. ‘усыпаны кропкамі’ (Фасмер, 3, 781), якое звязана чаргаваннем галосных з стрыкаць і першапачаткова значыла ‘ўкол’, параўн. строк, гл. Іншая магчымасць — з пстрака́ты (гл.), параўн. польск. pstrokaty (ад pstry, Варш. сл., гл. пёстры), што звязана з srokaty ‘тс’, суадноснае з укр. сорока́тий ‘тс’, в.- і н.-луж. srokaty ‘тс’, славен. srákast ‘тс’. Фурлан (гл. Бязлай, 3, 302) узводзіць названыя формы да прасл. *sorkъ ‘плямісты, пярэсты, рабы’ з і.-е. *ḱorkos ‘чорны, чарнявы, рабы’, ад якога паходзіць і прасл. *sorka ‘сарока’, роднасныя ст.-інд. śārá ‘плямісты, рабы, пярэсты’. Сюды ж і стракаце́ць ‘пярэсціцца’ (ТСБМ), стракаці́зна ‘вяснушкі’ (шальч., Сл. ПЗБ).