Страка́ты ‘рознакаляровы, разнашэрсны, плямісты, пярэсты’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл.; астрав., шальч., вільн., Сл. ПЗБ), стрыка́ты ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.), строка́тый ‘масць чорная з белым або чорная, белая і чырвоная’ (Клім.), стрэка́тый (стрека́тый) ‘плямісты, пярэсты’ (Нас., Мядзв.). Укр. строка́тий ‘плямісты; пярэсты (аб масці жывёліны)’, чэш., славац. strakatý ‘тс’. Узводзяць да рус. строка, г. зн. ‘усыпаны кропкамі’ (Фасмер, 3, 781), якое звязана чаргаваннем галосных з стрыкаць і першапачаткова значыла ‘ўкол’, параўн. строк, гл. Іншая магчымасць — з пстрака́ты (гл.), параўн. польск. pstrokaty (ад pstry, Варш. сл., гл. пёстры), што звязана з srokaty ‘тс’, суадноснае з укр. сорока́тий ‘тс’, в.- і н.-луж. srokaty ‘тс’, славен. srákast ‘тс’. Фурлан (гл. Бязлай, 3, 302) узводзіць названыя формы да прасл. *sorkъ ‘плямісты, пярэсты, рабы’ з і.-е. *ḱorkos ‘чорны, чарнявы, рабы’, ад якога паходзіць і прасл. *sorka ‘сарока’, роднасныя ст.-інд. śārá ‘плямісты, рабы, пярэсты’. Сюды ж і стракаце́ць ‘пярэсціцца’ (ТСБМ), стракаці́зна ‘вяснушкі’ (шальч., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)