Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Стоўб1 ‘калона, слуп’ (Ласт., Байк. і Некр., Растарг., ПСл), ‘комін’, ‘пяро-насеннік у цыбулі’ (ПСл), сто́ўб і стоўп ‘слуп’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стоўп ‘тс’ (Арх. Федар., Янк. 3., Мат. Маг.), ‘стаяк коміна на гарышчы’ (ТС; астрав., Сл. ПЗБ), ‘слуп пад столь каля печы, на якім трымаўся «перасоў»’ (Варл., Сержп. Прымхі, ТС), ‘стос’ (Варл.; рагач., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цыбур (у морквы, капусты і інш.)’, ‘укладка дошак’, ‘шыя’, ‘слупападобны смерч’, ‘выцягнутая ўверх чырвань каля сонца’ (ТС): kali z abydwuch bakoŭ sonca parobiacsa stoŭpy (Пятк. 2), ‘сцірта, торп’, ‘складзеная ў гумне збажына’ (ТСБМ), ‘прыстаронак’ (воран., шальч., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.), ‘саха калодзежнага жураўля’, ‘кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя)’ (бяроз., Шатал.), стоўпа́к, стовпа́к, стовпа́н ‘кветканоснае сцябло’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. стовб, стовп, рус. столб, столп ‘слуп’, стараж.-рус. стълбъ, стълпъ, польск. słup, в.-луж. stołp, н.-луж. słup, чэш. sloup, славац. stlp, серб.-харв. сту̏ба ‘лесвіца’, ступ ‘слуп’, славен. stólb, stólp, балг. стълб, стълп ‘слуп’, макед. столб, столп, ст.-слав. стлъпъ ‘вежа; стоўб, калона’. Прасл. *stъlbъ, *stъlpъ роднасныя літ. stũlbas, stũlpas ‘слуп’, лат. stul̂bs ‘голень, ікра; халява’, stùlps ‘слуп’; з іншай ступенню вакалізму: лат. stil̂bs ‘ніжняя частка рукі, нагі’, літ. stalbúotis ‘прыпыняцца’; далей, ст.-ісл. stolpi ‘слуп; калона’, ст.-нарв. stolpi ‘сцябло; вушак’, ст.-в.-ням. stelpōn ‘стаяць’ і інш. (гл. Міклашыч, 321; Траўтман, 290; Фрэнкель, 93; Покарны, 1020; Фасмер, 3, 765; Шустар-Шэўц, 1359–1360), якія працягваюць і.-е. корань *stel‑ ‘паставіць, сцябло’, з дэтэрмінантамі ‑b‑ і ‑p‑. Гл. яшчэ Бязлай, 3, 320; Сной₁, 610; Борысь, 560. Інакш Махэк₂ (558), які мяркуе аб складаных кантамінацыйных працэсах розных індаеўрапейскіх каранёў.

Стоўб2 ‘здвоены след зайца (у мове паляўнічых)’: заец завернуўса да тым следам назад — ето стоўб (ПСл). Да стоўб1 (з-за “тоўстага” следу на снезе).

Стоўп ‘вежа або калона’ (ТСБМ), стовп ‘вежа’: камынэ́цькый стовп (брэсц., ЛА, 4). Параўн. стараж.-рус. стълпъ, ст.-слав. стлъпъ ‘тс’, што адпавядала грэч. πύργος ‘тс’. Этымалагічна тоеснае стоўб1.

Сто́ўпіцца ‘змясціцца’: стоўпіцца яшчэ тут напісаць (Касп.), сто́ўпіцца, стаўпі́цца ‘увайсці, уціснуцца’ (Шымк. Собр.), стаўпі́цца ‘сабрацца ў адным месцы’, ‘змясціцца’ (Нас.), сто́ўпіць ‘змясціць’ (Ласт., Гарэц.). Да тоўпіць (гл.).

Сто́хлішча ‘гняздо, логава, котлішча’ (Сцяц. Сл., Сл. рэг. лекс.), ‘зборышча’ (слонім., Нар. словатв.). Дэрыват ад *стохнуць < тохнуць, тхаць (гл.) па мадэлі котлішча. Семантыку можна патлумачыць тым, што гнёзды, логавы маюць моцны непрыемны пах. Параўн. рус. дыял. за́хлище ‘аддаленае ад цэнтра месца, глухамань’ < *tux‑/*tъx‑ ‘тухлы’ (Беразовіч, Зб. Варбат, 30).

Сто́ці ‘высокі, стаячы’, ‘строма’, ‘стойма’, сто́цевы ‘стромы’, сто́цы ‘стойма’, стоць ‘тс’, ‘вертыкальна’, ‘уніз галавой’, сто́цьмы ‘высокі’, сто́ця ‘стромка’ (Сл. ПЗБ), стоць, сто́цьма ‘галавою уніз’ (Янк. 1), ‘перпендыкулярна’ (Касп.), стоць, стацьмако́м ‘стаяком, дагары нагамі, дыбарам’ (Барад.), сто́цьма ‘нястрымна’ (Жд. 2), стоцькі ‘стойма’ (Др.-Падб.), стуць (галавой) ‘уніз галавой’ (Сцяшк.). Паводле аўтараў Сл. ПЗБ (4, 591–592), з літ. stãčias ‘стаячы, стромы, высокі’. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 132. Сюды ж назоўнікі стоці ‘апорныя слупы ў гумне’ (паст., ЛА, 4), стоць ‘беспарадак’ (Сл. ПЗБ).

Сто́чкі1 ‘вяршкі’ (Байк. і Некр.), ‘астаткі, рэшткі’ (Сцяшк. Сл., Федар. 4). Да цячы < *tekti з чаргаваннем е/о, г. зн. ‘тое, што сцякло’.

Сто́чкі2 ‘месца злучэння дзвюх частак чаго-небудзь’ (шальч., Сл. ПЗБ). Да сточваць, тачыць (гл.).

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Стра́гнуць ‘вязнуць, гразнуць, грузнуць’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), стря́гнути ‘грузнуць’ (кам., Жыв. НС). Укр. стря́гнути ‘вязнуць, грузнуць’, стра́гнути ‘заблытвацца ў сетцы або ў невадзе (пра рыбу)’, польск. zastrzęgać ‘захрасаць, вязнуць’, zastrąc, zastrzągł ‘тс’, якія Брукнер (522), ЕСУМ (5, 455) аб’ядноўваюць з усходнеславянскімі: застра́ць, застрэ́ць, рус. застря́ть, застря́нуть, бел. укр. встря́ти, застря́нути, супраць чаго Фасмер (2, 82). Формы з ‑г‑, магчыма, звязаны з літ. stringù, strìgti ‘захраснуць, завязнуць’, лат. strẽgu, strigt ‘патануць (у чым-небудзь)’, straignis ‘багна, твань’; гл. Траўтман, 290; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1089; Міклашыч, 325; ЕСУМ, 5, 455 (рэканструюецца прасл. дыял. *stręgati ‘грузнуць’).

Страдал ‘рыба сырць, Vimba vimba L.’ (Дэмб. 1, 46). Няясна.