Сарві́ла ’сарвігалава’ (Бяльк.). Ад сарва́ць < рваць з суф. ‑іла (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42).
Сарвэ́та, сарвэ́тка ’настольнік’ (Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, Скарбы). Гл. сурвэта.
Саргу́ч ’адростак у выглядзе прадаўгаватых валікаў у свінні пад падбародкам’ (Скарбы). Да серга (гл.). Параўн. рус. серга, серьга ’завушніца; почапка’, таксама ’скурыстыя адросткі пад шыяй у свінні, казы’.
Сарда́к ’безрукаўка’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., Скарбы), ’суконная жакетка без падкладкі’ (Сл. Брэс.), сардачо́к ’безрукаўка’ (Шатал.), ’камізэлька’ (Сцяшк. Сл.), сарда́чык ’кофта, блузка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. серда́к, сарда́к ’кафтан з грубага сукна’, ’верхняя цёплая суконная вопратка галіцкіх сялян, расшытая шнурамі’, польск. serdak, дыял. sardak ’скураная безрукаўка ў сялян-горцаў; кафтан, світка’. Апошняе, магчыма, з усх.-слав. (Брукнер, 485). Слова няяснага паходжання. Набліжаюць да сэрца, г. зн. адзенне, якое пакрывае грудзі і спіну, верхнюю частку тулава. Праабражэнскі (1, 434) лічыць першакрыніцай франц. surtout, параўн. рус. сюрту́к, бел. сурду́т (гл.). Не з лапсардак (гл.), рус. лапсердак ’доўгаполы яўрэйскі сурдут’, якое з ідыш. Labserdak, ад lāb ’ліф’ і укр. сердак. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 459 з літ-рай.
Сардані́кс ’каштоўны камень з малочна-белымі і бура-чырвонымі палоскамі; разнавіднасць агату’ (ТСБМ). З ц.-слав. сардониксъ, сардоникии, якое з грэч. σαρδόνοξ ’тс’, г. зн. ’камень з Сард, у Лідыі’ (Мацэнаўэр, 304; Фасмер, 3, 605). У сучаснай беларускай мове, відаць, з рус. сардоникс, параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73.
Сардзі́на ’невялікая марская прамысловая рыбка сямейства селядцовых’ (ТСБМ). Праз. рус. сарди́н(к)а ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) з фр. sardine > італ., лац. sardīna, sarda, літаральна ’сардынская рыба’, ад назвы вострава Сардынія (Фасмер, 3, 562).
Сарду́шка ’храпка’ (трак., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка (4, 369) параўноўваюць з літ. šerdis ’тс’.
Сардэ́лька 1 ’тоўстая кароткая сасіска’ (ТСБМ), сардэ́ля ’тоўстая каўбаса’ (Сл. рэг. лекс.). З рус. сарде́лька ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80), якое ад сардэ́ль ’рыба Engraulis encrasicholus L.’ (гл. Трубачоў, Дополн., 3, 562). Апошняе з італ. sardella < лац. sardīna ’рыба, якая ловіцца каля сардынскага ўзбярэжжа’ (Праабражэнскі, 2, 253; Фасмер, 3, 562).
Сардэ́лька 2 ’рыба сардына’ (ТСБМ). Ад рус. сардэ́ль ’тс’. Далей гл. папярэдняе.
Сардэ́чнік ’расліна Leonurus cardiaca L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’майнік Majanthenum’ (Інстр. 2), ’фіялка духмяная Viola odorata L.’, ’скочкі Sempervivum tectorum L.’, ’кураслеп Anemone nemorosa L.’, ’фіялка палявая Viola arvensis Murr.’, ’чысцяк веснавы Ramunculus Ficaria L.’, ’рагулька палявая Consolida arvensis Opitz’ (Бейл.), ’лекавая расліна’ (Сцяшк.). Ад сардэ́чны, сэрца (гл.), таму што гэтыя расліны ўжываюцца ў народнай медыцыне пры хваробах сэрца (гл., напрыклад, Махэк₂, 572). Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. серде́чник ’палявая гарчыца Cardamine pratensis L.’, чэш. srdečník ’розныя расліны, якія ужываюцца пры хваробах сэрца’, серб.-харв. ср̏дачица ’род раслін Leonurus’ і г. д.
Са́ржа ’тканіна для падкладкі з дыяганальным перапляценнем нітак’ (ТСБМ). Праз рус. са́ржа ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) з франц. sarge або італ. sargia ад лац. sērica ’шоўк’, гл. Міклашыч, 288; Праабражэнскі, 2, 253; Фасмер, 3, 562.