Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скані́ ‘спакой’ (Нас., Бяльк.). Хутчэй з рус. искони́, чым працяг стараж.-рус. искони, ст.-слав. искони. Апошнія з из‑кон‑, гл. канец (Праабражэнскі, 2, 274; Фасмер, 2, 140).

Ска́нцы ‘бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’ (круп., Жд. 2), ‘бліны, начыненыя тварагом (брасл., Нар. словатв.). Рус. наўг., алан. ска́нец, ска́нцы ‘тонка раскачаная пражаная ляпёшка’, ска́нцы ‘сачні, вялікія, тонкія ватрушкі з “сканого” цеста’. Даль (4, 193 і наст.) адносіць да скать (тесто) ‘раскачваць у сачэнь, слаіць, рабіць слаёнае, здобнае цеста’. Іншая ступень чаргавання галосных у сука́ць. Няма падстаў лічыць запазычаннем (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 131) з літ. skanēsis, skanēstas ‘ласунак, далікатэс’ (Анікін, Опыт, 279).

Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Скапава́ць ‘зразумець, уцяміць, скеміць’ (Скарбы). Да капаваць (гл.). Паводле Волкавай (БЛ, 60, 137), вытворныя ад ст.-бел. копа, капа ‘сход сялян, што разглядаў судовыя спрэчкі’.

Скапарэ́ць ‘змерзнуць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. скапэраціся.

Скапаць. Гл. скяпаць.

Ска́пач ‘вілы (з двума зубамі) або крук для скідвання гною з воза’ (Янк. 3., Шатал.), ска́пыч ‘тс’ (Маяч., Бяльк.), ска́павіч ‘тс’ (Бяльк.), ско́пач ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ), скапа́ч ‘тс’ (Касп.), ско́піч ‘тс’ (Мат. Гом.). Польск. дыял. skopacz ‘тс’. Ад скапаць < капаць. Параўн. капач (гл.).

Скапе́ц1 ‘капец, месца захоўвання гародніны на зіму’ (Сцяшк., Скарбы, Жыв. сл., Нар. сл.), ‘куча бульбы’ (Янк. 1, Выг., Шатал.), ‘каморніцкі межавы насып’ (Янк. 1), ‘межавы курган’ (Нар. сл.) ‘невялікі земляны насып’ (Янк. 1), скопе́ц, скопы́ц, скопэ́ц, скоўпэ́ць ‘бурт’ (палес., Нар. сл.), ско́пец, ско́пець ‘яма для захоўвання бульбы’, ‘слупок, які аддзяляў надзелы зямлі’ (Сл. Брэс.). Дэрыват ад скапаць < капаць, паралельнае да капец (гл.) < капаць.

Скапе́ц2 ‘чалавек, які падвергся кастрацыі’ (ТСБМ), ‘кастрыраваны баран’ (Касп.; ашм., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), скоп ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. скопе́ць ‘вылегчаны баран; кастрыраваны чалавек’, скоп, скіп ‘тс’, рус. скопе́ц ‘еўнух, кастрат’, польск. skop, skopek ‘вылегчаны баран’, чэш. skopec ‘тс’, славац. škop ‘баран’, в.-луж., н.-луж. skop, палаб. sküöp ‘тс’, серб.-харв. ско́пац ‘кастрат; вылегчаны баран’, славен. skópəc ‘тс’, балг. скопе́ц, макед. скопец ‘кастрат, еўнух’, ст.-слав. скопьць, сюды ж укр. скопи́ти, рус. скопи́ть, польск. skopić, чэш. skopiti, славен. skopíti, балг. скопя́, макед. скопи, ст.-слав. скопити. Прасл. *skopъ, *skopьсь. Роднасныя літ. skõpti ‘выразаць што-небудзь’, лат. šķéps ‘кап’ё’, šķepele ‘абломак’, грэч. σκάπτω ‘рыю, сяку’, таксама ц.-слав. сцапъ ‘палка’ < *skēpъ. Гл. Фасмер, 3, 650; Покарны, 931 і наст.; Брукнер, 494; Махэк₂, 547; Шустар-Шэўц, 1294. Формы без s‑: грэч. κόπτω’ ‘б’ю, рублю’, лац. cāpō ‘каплун’, capulō, ‑āre ‘расколваць’ (Траўтман, 262; Сной₁, 574; БЕР, 6, 778). Борысь (552) *skopъ утварае ад прасл. *skopiti, якое як і паралелі ад і.-е. кораня *(s)kep‑/*(s)kap‑ маюць значэнне ‘рэзаць вострай прыладай’.

Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

*Скапсане́ць, скапсані́ты ‘стаць драхлым, змарнавацца, састарыцца’ (драг., З нар. сл.), скапцаніе́ті ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. скапцані́ты ‘збяднець (аб яўрэях)’, польск. kopconieć, kopsonieć ‘марнавацца, станавіцца ўбогім, бяднець’. Да капцан (гл.). Не выключана і запазычанне польскага дзеяслова. Да праблематыкі паходжання слоў гл. Слаўскі, 2, 51.