Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скапузава́ць (скапузува́ці) ‘умець паставіцца да каго-небудзь’ (гродз., Сл. ПЗБ). Да капуза (гл.), г. зн. ‘падыйсці, зняўшы капузу, і паказаць тым самым пашану’ або кантамінацыя скапава́ць ‘зразумець’, якое да капаваць (гл.) і капуза.

Скапу́рыцца ‘памерці’ (Сцяшк. Сл.). Гл. скапэраціся.

*Ска́пу́сціцца, ска́пу́стытыся ‘змарнець, здаць ад старасці’ (брэсц., Нар. лекс., Сл. Брэс.). Адносна рус. дыял. скапу́ститься ‘схібіць, сканфузіцца’ Фасмер (3, 633) мяркуе, што, магчыма, з скапутиться (гл. скапуціцца) або сконфузиться і набліжана да капу́ста. Хутчэй, да скапець (гл.) або ка́пасць (гл. капасны).

Скапу́ціцца ‘памерці’ (ТСБМ, ТС, Варл.). Рус. калуж., маск. скапу́титься ‘нечакана і моцна захварэць’. Ад капут (гл.), што з ням. kaput ‘канец; смерць’.

Скапы́ціць ‘стаптаць капытамі’ (Нар. лекс.), скапы́таваць ‘тс’ (Варл.), скапы́ціцца ‘спатыкнуцца’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Юрч., Варл., Сцяшк., Жд. 2, Бяльк.), ‘памерці, здохнуць’ (Шат., Касп., Байк. і Некр.), ‘памыліцца’ (ТСБМ, Янк. Мат.), ‘скасіцца, сказіцца’ (Бяльк.), скапу́ціцца, скопу́ціцца ‘памерці, здохнуць’ (ТС). Рус. скопы́тить ‘стаптаць капытамі, збіць’, скопы́титься ‘зваліцца ад стомленасці, хваробы; памерці’, польск. skopycić się ‘дастаць хваробу капыта (аб кані)’, ‘спатыкнуцца, памыліцца’. Да капыта (гл.); для значэння ‘памерці, здохнуць’ нельга выключыць уплыў папярэдняга слова.

Скапэ́раціся (скапэратісе) ‘памерці’ (беласт., Сл. ПЗБ), скапарэ́ць ‘змерзнуць, закачанець’, скапу́рыцца ‘памерці’ (Сцяшк. Сл.). Сюды ж, відаць, укр. скапа́ри́тися ‘знікнуць, прапасці’ (няяснага паходжання; гл. ЕСУМ, 5, 265). Няясна. У Сл. ПЗБ (4, 438) параўноўваецца з літ. nusikaparaóti ‘памерці’. Гарачава (Этимология–1985, 63–64) узводзіць да *kopyrěti (адсутнічае ў ЭССЯ, 9) з развіццём семантыкі ‘змерзнуць’ → ‘памерці’. Хутчэй да шырокавядомага ідышызму капорэ (гл. капора2), што з ідыш kapóres, kapures ‘канец, пагібель, капут’, першапачаткова з герм. kappārā ‘пакутная ахвяра’ (гл. Штэрн, Wörterbuch, 106; ЕСУМ, 2, 369, 378).

Скапэ́рдзіцца ‘памерці, прапасці’ (Касп.), скапы́рдзіцца ‘тс’ (Бяльк., Юрч. Вытв., Сцяшк. Сл.), скапу́рсціцца ‘тс’ (Пан. дыс.). Няясна. Гарачава (Этимология–1985, 63) далучае сюды рус. краснаяр. закопу́рдиться ‘памерці’ і канстатуе экспрэсіўны характар устаўнога ‑д‑. У такім выпадку да папярэдняга слова (гл.). Лабко (Бел.-польск. ізал., 69) звязвае з польск. kopyrtnąć ‘памерці, выцягнуць ногі’ з развіццём семантыкі ‘перавярнуць (-цца)’ → ‘памерці’ (аб семантыцы падрабязна гл. Толстой, Язык и народная культура, М., 1995, 213–222). Здагадка, выказаная Гарачавай (там жа), пра першапачатковае значэнне *‘сковырнуться’ і сувязь з асновай *kopor‑/kopyr‑ застаецца недастаткова аргументаванай. Семантычна беларускія словы, відаць, скантамінаваны з скапуціцца, скапыціцца, скапуціцца (гл.).

Скаравада́. Гл. скаварада.

Скарага́чыць, скараɣа́чуць жабы ‘аб кваканні жаб’ (лун., ДАБМ, камент., 895), скарга́чыць: скарга́ крычыць, скарга́чыць (ТС). Параўн. рус. кур. скаргы́кать ‘скрасці, шаркаць нагамі’, якое Фасмер (3, 633) лічыць гукапераймальным. Гл. скергатаць.

Скарада́1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.