Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)