Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скарадзі́ць ‘разрыхляць бараной зямлю’, ‘пакідаць баразну, след’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Янк. 1, Растарг., Юрч.), скаро́дзіць ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Шат., Гарэц., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр.), скородэ́тэ ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ). Укр. скоро́дити, рус. зах. і паўд. скороди́ть, польск. skródlić ‘тс’. Звязана чаргаваннем з рус. царк. оскорд ‘вялікая сякера’, ст.-слав. оскръдъ ‘матыка’. Прасл. *skorditi. Паралелі ў літ. skardýti ‘разрываць (зямлю), здрабняць’, лат. skā̀rdit ‘таўчы, здрабняць, крышыць’, літ. sker̃sti ‘калоць (свіней)’, лат. škḕrst ‘расколваць, разразаць (аб тушы)’, ст.-прус. skurdis ‘кірка, матыка’, ст.-англ. sceort ‘кароткі’, англ. short ‘тс’, с.-в.-ням. scherze ‘абрэзак, скіба’. Балтаславянскі корань *skerd‑ (*skird‑ літ.), *skurd‑ > *skord (Фрэнкель, 802; Махэк₂, 421), далей да і.-е. *sker‑ ‘рэзаць’ з ‑d‑расшыральнікам, гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 652; ЕСУМ, 5, 282.

Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Скара́за ‘свавольнік, гарэза’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. кароза.

Скарако́л ‘дзве ніткі, скручаныя ў адну’ (Жд. 2). Казлова (Этимология–1982, 51) параўноўвае з балг. крачо́л ‘калашына’, дыял. краке́л ‘крук, кручок’, макед. кракел ‘крук’, в.-луж. kročel ‘крок’, на падставе якіх узнаўляецца прасл. *(s)korkъlъ/*(s)korčьlъ, дэрываты прасл. *(s)korkъ, што з семантычнага боку недастаткова абгрунтавана. Параўн. карачкі і карачун (гл.).

Скаралю́па, скаралю́піна ‘шалупайка’ (шчуч., беласт., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя скаралюшча і лупіць (гл.), параўн. укр. шкарлу́па ‘тс’.

Скаралю́шча ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк.; маст., гродз., Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Скарбы), скаралю́шчына ‘тс’ (Сцяшк., Шатал.), ‘створка ракавіны малюска’ (ТС), скаралю́шчо ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк., Сцяц.), скаралюшка, шкаралю́шка, мн. л. скаралю́шчэ ‘ракавіна малюска’ (ТС), скаралу́шча ‘ракавіна бяззубак і слімакоў’ (ашм., Стан.), скаралу́шчачка ‘ракавіна’, ‘хіцінавае покрыва жука’ (смарг., Сл. ПЗБ), скаляру́шчына ‘лушпіна ад яйка’ (Жд. 1), скаляру́шчыны ‘лупіны ад яек’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Параўн. укр. шкаралу́ща ‘шкарлупіна, скура, кара’, ст.-рус. скоролуща ‘лупіна, шалупайка’, рус.-ц.-слав. скралуща ‘тс’, славен. škraljušt ‘смятанка’, макед. дыял. skrálʼuš, скърлуши́на ‘луска ад рыбы’. Да прасл. *skor‑ (гл. скорка) і *lušča: луска, лушчыць (гл.); Праабражэнскі, 2, 308; Брандт, РФВ, 24, 175; Мацэнаўэр, LF, 20, 19 і наст.; Фасмер, 3, 652; Бязлай, 3, 247 (вынік кантамінацыі *skor‑upa, *skor‑pa і пад. з *luščiti); ЭССЯ, 11, 90 (рэканструюецца форма без рухомага s‑ прасл. *korlušča < *kora + *luščiti).

Скарамя́га, скарамя́ка ‘скаромнік, той, хто ў пост есць скаромнае’ (Нас., Шат.), skaramiáka ‘хто крадзе скаромнае’ (Варл.). Да ско́рам (гл.) з экспр. суф. ‑яг(а), ‑як(а), якія ўтвараюць назвы асоб агульнага роду, аб якіх гл. Сцяцко, Афікс. наз., 130, 132.

Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.

Скара́ч ‘ручнік (з доўгімі махрамі)’ (ТСБМ; гродз., Шн. 1; Выг., Сл. Брэс.), ‘ручнік з апошняга куска палатна, якое выткана на канцах з “анучамі”’, г. зн. з ніткамі, якія недатканыя і звіваюцца ў шнуркі (гродз., Шн. 3; Сл. Брэс., Уладз.; астрав., смарг., воран., навагр., іўеў., лід., трак., шальч., Сл. ПЗБ), ‘кухонны ручнік, брудная ануча’ (трак., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк., Інстр. 1), ‘абрус’ (Жд. 1, Скарбы), ‘абрус, якім накрываюць хлебную дзяжу’ (Жд. 2), ‘тоўстае палатно’ (Кольб.), сюды ж перан. ‘брудны чалавек; хто выпэцканы’ (шчуч., трак., свісл., Сл. ПЗБ), скара́чка ‘кужэльны ручнік’ (Сцяшк. Сл.), скара́чык памянш. (ваўк., Сл. ПЗБ); слова вядома яшчэ ў пагранічных польскіх гаворках: skaracz ‘ручнік з кутасамі на канцах’, skarińis ‘такі ручнік, ануча, кухонны ручнік’. Хутчэй за ўсё, літуанізм. Урбуціс (Baltistica, VI (2), 152) узводзіць да літ. дыял. skarínis (skarinys) ‘ручнік’ з субстытуцыяй суф. ‑ínis (‑inys) слав. ‑ач або да skarõčius ‘ручнік, сурвэтка’. Аднак Лаўчутэ (Балтизмы, 38) дапускае магчымасць адваротнага запазычання skarõčius з беларускай у літоўскую і ў гэтым выпадку імавернай крыніцай запазычання лічыць літ. skarà ‘вялікая хустка’. Аналагічна Цыхун, Лекс. балтызмы, 53. Да лінгвагеаграфіі гл. яшчэ Непакупны (Связи, 195), які бачыць працяг слова ў палескай форме з метатэзай роска́ч ‘тс’ (хутчэй, да ра́сы ‘махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), гл. раса2). У сувязі з недастатковай аргументаванасцю балтыйскай этымалогіі цікавымі падаюцца спробы звязаць слова з серб.-харв. дыял. škora ‘вузел, пятля’, skȍrak ‘тс’, польск. дыял. skory ‘вузлікі на моцна скручаным шнурку’, што паводле асноўнай прыкметы ‘апошні кавалак палатна з заплеценымі ў вузлы канцамі асновы’ дазваляе рэканструяваць зыходнае *skora ‘вузялок, пятля’, што да і.-е. *sker‑ ‘круціць, скручваць’, якое можна разглядаць як раннюю праславянскую інавацыю, выцесненую амонімам *skora ‘кара, шалупайка, шкарлупа, скура’, гл. скорка (Борысь, Czak. stud., 83–85). У народнай мове захоўваецца сувязь з скара́ць ‘пакараць’, паколькі скарачом каралі малых дзяцей за непаслухмянасць (Цых.).

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.