Скарбары́ха ‘ажына шызая, Rubus caegius L.’ (Кіс.). Няясна. Параўн. яшчэ цербалін (гл.).
Скарбе́жыцца (скорбе́жыцца) ‘скруціцца ў скруткі’ (ТС). Да карбе́ж ‘рубец, засечка, зарубка, штрых’ (ТС); гл. карб.
Ска́рбец ‘скрынка для захавання грошай (асабліва царкоўных)’ (Нас.), скарбе́ц ‘тс’ (Байк. і Некр.), ‘капліца з магільнымі склепамі’ (Сцяшк.). З польск. skárbiec ‘памяшканне для захавання грошай, кладоўка’ (Кюнэ, Poln., 96). Ст.-бел. скарбець з ст.-польск. skarbiec; гл. Булыка, Запазыч., 299. Сюды ж, відаць, ска́рбец ‘жывёлагадоўчая ферма’ (Сл. рэг. лекс.) — з незразумелай матывацыяй (для “грамадскай” жывёлы?).
Ска́рбнік ‘захавальнік або распарадчык скарбу, казны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ‘прызначаная асоба для збору і захавання фінансавых сродкаў’ (Ласт.), ‘кладаўшчык’ (Барад.). З польск. skarbnik < skarb ‘скарб’; гл. Кюнэ, Poln., 96.
Скарбо́нка ‘скрыначка для збору царкоўнай міласціны’, ‘скрыначка, бляшанка з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Бяльк.), скорбо́нка ‘тс’ (ТС), скарбёнка ‘тс’ (Шат., Касп., Барад.). Запазычанне з польск. skarbona, skarbonka ‘тс’; гл. Кюнэ, Poln., 96. У аснове польскага слова ляжыць ст.-польск. karbona ‘царкоўная конаўка’, запазычанае ў ст.-бел. карбона ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 178), якое потым было скантамінавана з скарб (гл.). Karbona праз с.-лац. corbona, па адной версіі, было запазычана з грэч. καρβονας ‘божыя грошы’ (Міклашыч, 288) або з гебр. korbān ‘ахвярны дар’ (Борысь, 550).
Скарбо́ўка ‘будка, дзе захоўваецца ўвесь скарб плытагонаў’ (ТС). З скарбо́вы < скарб (гл.) або змяненне скарбонка па актыўнай мадэлі назоўнікаў на ‑оўка.
Ска́рга ‘незадаволенасць, нараканне’, ‘заява аб непрымальных дзеяннях ці з’явах’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп.), скарга́ (Гарэц.), ска́рка ‘тс’ (Мал.). Укр. ска́рга, ст.-рус. (XIV ст.) скарга ‘тс’. Ва ўсходнеславянскіх мовах запазычанне з польск. skarga з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96; Фасмер 3, 633). Этымалогію гл. скардзіцца. Ст.-бел. скарга, скаркга запазычана ўжо ў XIV ст. з ст.-польск. skarga (Булыка, Лекс. запазыч., 53).
Скарга́ 1 ‘чапяла’ (Сцяшк.). Не вельмі яснае слова, параўнальны матэрыял адсутнічае. Відаць, нейкая кантамінацыя з словам качарга́ (гл.).
Скарга́ 2, скірга́ ‘прыдзірлівая, з’едлівая асоба’, ‘скупы чалавек’ (ТС), сюды ж скоргану́ць ‘злосна сказаць’ (там жа). Гл. карга.
Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).
Скарза́, ско́рзік ‘вухачыстка’ (Ласт.). Няясна, магчыма, гэта аўтарскі наватвор на базе скрозь (гл.) з метатэзай, параўн. скорзьдо́нне ‘бяздонне, прорва, апраметная’ (Ласт.), калі гэта не памылка друку (параўн. у іншым месцы скрозьдоная). Іншая мажлівасць — аддзеяслоўны назоўнік ад скарза́цца ‘распушыцца’ (смарг., Сл. ПЗБ), далейшыя сувязі якога няясныя; параўн. рус. ко́рзать ‘абрубаць сукі, знімаць кару’, укр. ко́рзати ‘плясці, сцягваць’, серб.-харв. кр̏зати ‘сціраць, сточваць’, славен. kŕzati ‘рэзаць тупым нажом’, на іншай ступені вакальнага чаргавання — ке́рзаць (гл.), што да *kъrzati (ЭССЯ, 9, 243; Фасмер, 2, 199, 327; ЕСУМ, 3, 17; Скок, 2, 217; Бязлай, 2, 105).
Скарлу́пка ‘лупінка’ (лід., Сл. ПЗБ). Гл. шкарлупіна.