Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скасу́рыцца ‘паглядзець коса’ (Барад.), скасы́руваць ‘крыўдаваць; пляткарыць’, скасы́рны ‘незычлівы, нядобразычлівы’ (Ян.), сюды ж скусорьщца ‘коса глядзець на каго-небудзь’ (Шымк. Собр.). Да скоса, коса (гл. касы) з суфіксальным нарашчэннем ‑ур‑/‑ыр‑, параўн. касаву́рыць (гл.), дзе перад суфіксам з’яўляецца прыстаўное ‑в‑, прыставачнае ўтварэнне скасаву́рыцца ‘скасіцца, паглядзець скоса’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.), ‘скасіць вочы; злавацца’ (Мат. Гом.).

Скасці́ць ‘сапсаваць’ (Нас.), ‘вылаяць’ (Касп.). Гл. касціць.

Скат1 ‘камплект пярэдніх або задніх колаў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., Маслен.), ‘вязанка лапцей’ (ПСл). Рус. скат ‘камплект чатырох колаў’. Да скатаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне (Трубачоў, Дополн., 3, 635).

Скат2 ‘нахіл, схіл’ (ТСБМ, Бяльк., Др.-Падб., Яшк.). Этымалагічна тое ж, што і скат1. Сюды ж ска́цісты ‘пакаты, спадзісты’ (Сцяшк., З нар. сл.).

Ска́тка ‘шынель, скручаны ў трубку і звязаны на канцах для нашэння цераз плячо’ (ТСБМ). З рус. ска́тка ‘тс’ < скатать ‘скруціць’.

Скаўга́ніць ‘абгаварыць каго-небудзь’ (слонім., Жыв. сл.), ‘неахайна зрабіць што-небудзь’: каўган як зробіць ні так, ні сяк, дык кажуць скаўганіў (зэльв., Сл. ПЗБ). Ад каўга́ніць ‘рабіць кепска, абы-як’ (карэліц., там жа) або ко́ўган, *каўга́н ‘галава; аб круглай вялікай галаве’, гл. калган2. У рус. гаворках, апрача асноўнага значэння ‘гладыш’, ‘посуд рознай формы’, азначае яшчэ ‘тоўсты абрубак дрэва’, ‘цурбан’, адкуль па распаўсюджанай мадэлі ‘дурань, няўмека’. Гл. таксама каўган.

Скаўпа́сіць (скоўпа́сіць) ‘абрабіць з большага, абы-як’, скоўпа́чыць ‘паблытаць, пакалмаціць’ (ТС). Да каўпак (гл.), у тым ліку ‘старая ўкладка валасоў у жанчын (стажком)’. Параўн. тыпалагічную паралель: балг. на калпа́к ‘абы-як, так-сяк, любому (раздаваць)’.

Скаўро́нак ‘жаваранак’ (Сцяшк., Шатал.). З польск. skowronek ‘тс’. Апошняе да прасл. *skovornъkъ, параўн. рус. сковоро́нок, укр. шковоро́нок, якое ўзводзіцца да *skvorovorn(ъkъ) і набліжаецца да скварэц (гл.) (Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 117) або раскладаецца на прыстаўку sko‑ і *vornъ (гл. воран), як мяркуе Брукнер, 496. Інакш Махэк₁ (450), які прапанаваў у якасці зыходнага гукапераймальнае skvir‑/škvor‑, пашыранае суфіксамі ‑anъ/‑onъ/‑nъ, што не пераконвае. Агляд форм і літ-ры гл. Фасмер, 3, 644; Борысь, 553; Антропаў, Назв. птиц, 358. Параўн. жаваранак (гл.).

Скаўрэ́лы ‘закарэлы, заскарузлы’ (Касп.). Як відаць з ілюстрацыі не купляй скаўрэлага парасёнка, гутарка, відавочна, ідзе не толькі аб закарэлым, але і аб худым, хілым парасяці. У такім выпадку тут, магчыма, кантамінацыя карэлы (гл.) і чаўрэ́ць ‘станавіцца хілым, вянуць, сохнуць’ (гл.), што дае *скаўрэць, якое ўтворана з прыст. с‑ ад кара́ (гл.) г. зн. ‘пакрыцца карой’, перан. ‘захірэць’.

Ска́церць ‘абрус’ (Тарн., Бяльк., Сцяшк.; лудз., Сл. ПЗБ; ДАБМ, камент., 925–929), ска́церка, скацёрка, ска́церсць, ска́цер (Нас., Касп., Бяльк., ЛП, Пятк. 1, Рам. 5, Шатал., Ян., Юрч., Ян., Янк. Мат., Жд. 2, Сцяшк., Мат. Маг., ДАБМ, там жа). Спрадвечнасць слова ў беларускай мове бясспрэчная (ДАБМ, к. 325), але ў частцы гаворак, відаць, сучаснае пранікненне з рускай, параўн. “…скацер, а даўней абрус” (Сл. ПЗБ, 4, 443). Рус. ска́терть, ска́терка, скатёрка, стараж.-рус. скатерть (XII ст.). Звычайна тлумачыцца з усх.-слав. *дъскатьрть, ад *дъска ‘стол’ (гл. дошка) і тьрть < *terti ‘церці, адкуль пасля падзення рэдукаваных і спрашчэння групы зычных атрымалася сучасная форма (Міклашыч, 353; Бернекер, 1, 246; Праабражэнскі, 2, 255; Фасмер, 3, 635), або як запазычанне з нова-в.-ням. дыял. Scheter, с.-в.-ням. schëtter, schëter ‘тонкая баваўняная тканіна’; гл. Брандт, РФВ, 22, 114.

Скацё зборн. ‘каровы’ (мядз., Сл. ПЗБ). Ад скот, скаціна (гл.) з суф. зборнасці ‑jo, аднак на Лагойшчыне гэтая форма была ўспрынята як назоўнік н. р. skació ‘адна штука статка’, пры skaciaty ‘статак’ (Варл.). Параўн. таксама аднаўленне значэння зборнасці ў скаце́ж, скаце́жка ‘тс’ (Ласт.).