Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел. скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус. скот, скоти́на, ст.-рус. скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск. skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж. skót ‘тс’, чэш. skot ‘буйная рагатая жывёла’, серб.-харв. ско̏т, славен. skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг. скот ‘скаціна’, ст.-слав. скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл. *skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц. skatts ‘манета’, ст.-ісл. stattz ‘падатак’, ст.-сакс. skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням. scaz ‘манета’, нова-в.-ням. Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз. sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм. tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).

Скацу́к ‘блыха’ (Сцяшк.; карэліц., Шатал., ЛА, 1). Да скака́ць, скочыць з суф. ‑ук, які ўтварае назвы жывых істот паводле ўласцівага ім дзеяння (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 78); ‑ц‑, відаць, экспрэсіўнага паходжання або пад уплывам пацук.

Скача́г ‘малы язь’ (ТС). Паводле Усачовай (Слав. ихт. терм., 73), да скакаць (гл.), бо можа выскокваць з вады, параўн. рус. лету́н ‘дробны лешч’; суф. ‑аг < ‑ак?

Скачане́ць ‘адубець’ (Сцяшк. Сл ). Да кача́н (гл.), г. зн. ‘зрабіцца цвёрдым, як качан’. Цікавая паралель серб. косава-мятох. скоча̄ни̏т ‘змерзнуць’.

Скачаро́жыцца ‘сагнуцца’ (Юрч. Фраз. 1), скучуры́жыцца ‘памерці, здохнуць’ (Бяльк.). Да качарга (гл.), качарэжка.

Скачо́к ‘конік (насякомае)’ (Мат. Маг., Шымк. Собр.), ‘жук-дрывасек’ (Бяльк.). Да скакаць (гл.), самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах: рус. пск. скачо́к ‘конік’, балг. самак. скачо́к ‘тс’ і інш.

Скачы́ха ‘блыха’ (ТСБМ, Нар. словатв.). Да скакаць, скочыць з суф. ‑ых(а). Параўн. скакуха.

Скашавы (скашавый) ‘жартаўлівы’ (Шымк. Собр.). Няясна.

Скашалі́цца ‘збіцца, стоўпіцца’ (Юрч.). Да кашэль (гл.).

Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литься ‘скардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.