Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скамлёты ‘тонкая жэрдка з трыма сучкамі на канцы (знімаць яблыкі)’ (мядз., Нар. словатв.). Утворана ад *скаміць, скамлю (гл. скамы) з суф. ‑от‑ + канчатак мн. л., першапачаткова назва дзеяння. Не выключана фармальнае збліжэнне з камлёт ‘саматканая суконная спадніца’ (гл.).

Скамлі́ца ‘лаўка’ (Нас.), фальк. скаміца ‘тс’ (барыс., Нар. сл.), скамʼі́ца ‘тс’ (Ян.), скамені́ца ‘лаўка’ (Нар. Гом.), скаме́йка ‘лаўка, услон’ (Бяльк.). Укр. скамни́ця ‘лаўка, услон’, рус. скамья́, скаме́йка, дыял. скамля́ ‘лаўка, услон’. Запазычанне ў старажытнарускую мову з с.-грэч. σκαμνί(ον), мн. л. σκαμνία ад σκάμνον, якое з лац. scamnum ‘лаўка’ ад scabō, ‑ere ‘церці, стругаць’ (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).

Скамурдзі́цца ‘скрывіць морду’ (Касп.). Мабыць, з *скамардзі́цца, дзе пачатак слова ўяўляе экспрэсіўнае *(s)ko‑ пры дзеяслове *mъrdati ‘махаць, рухаць, грымаснічаць’, пра апошні Куркіна (ОЛА, Исследов., 1972, 215–216) мяркуе, што ён захаваўся ў рус. смордать ‘камячыць, сціраць’. Адносна словаўтваральнай мадэлі параўн. яшчэ скапэдзіцца (гл.).

Скамы́ ‘драўляныя ціскі (выціскаць мёд)’ (іўеў., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘тое, чым адціскаюць сыр’ (Інстр. 1). Нульсуфіксальны дэрыват ад *скаміць (гл. аскома), якое да прасл. *skomiti, што звязана чаргаваннем галосных з *ščemiti, гл. шчаміць. Не выключана захаванне архаічнай семантыкі ‘прышчэмліваць’, адкуль потым развіліся пераносныя значэнні, якія ўказваюць толькі на чалавечыя адчуванні. Параўн. скем.

Сканазо́біцца ‘скрывіцца’ (Ян.). Да кано́зіцца ‘капрызнічаць, крыўляцца’ (гл. каназа) шляхам збліжэння з каназо́бка ‘пасудзіна, сплеценая з лазы і саломы’ (Касп.), параўн. конозо́біцца ‘капрызнічаць, куксіцца’, коно́зіцца ‘фанабэрыцца’, коно́за ‘капрызная фанабэрыстая асоба’ (ТС).

Скандава́ць, скандзі́раваць ‘выкрыкваць, выдзяляючы склады ці словы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). З польск. scandować ‘тс’ або з ням. scandieren праз рус. скандировать ‘тс’; параўн. і старое рус. скандова́ть ‘тс’. Крыніца слова ў лац. scandere ‘паднімаць, павышаць (голас)’.

Сканда́л ‘непрыстойная падзея’, ‘сварка з крыкам, бойкай’ (ТСБМ, Ласт., Др.-Падб.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Skandal, франц. scandale, якія ад лац. scandalum ‘непрыстойнасць, непрыстойныя паводзіны’, магчыма, праз рускае ці польскае пасрэдніцтва. Ст.-слав. сканъдалъ, сканъдѣлъ ‘пастка, сетка’, ‘спакуса’, ц.-слав. скандалъ ‘спакуса’ непасрэдна з грэч. σκάνδαλον ‘пастка’ (Праабражэнскі, 2, 294; Фасмер 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).

Скандзя́біцца, скондзя́біцца ‘сагнуцца зніякавець’ (ТС). Гл. скундзябіцца. Кантамінацыя скундзябіцца і *скандзюбіцца, параўн. укр. скандюбити ‘сагнуць’.

Скандры́чыцца ‘памерці, здохнуць’ (Бяльк., Юрч. Вытв.), таксама сканды́чыць ‘звесці са свету, замарыць’, сканды́чыцца ‘кончыць жыццё ў муках’ (Нас.). Рус. смаг., бранск скандры́читься ‘акалець (памерці)’; параўн. таксама рус. пск., цвяр. кандрычить ‘біць’, смаг. ‘здзекавацца, мучыць’ (гл. кандрычка). Фасмер (3, 632) ставіць пытанне аб магчымай сувязі з кондрашка ‘апаплексічны ўдар’, якое, відаць, па прычыне табу ад уласнага імя Кондратий (Фасмер, 2, 310).

Скані́ ‘спакой’ (Нас., Бяльк.). Хутчэй з рус. искони́, чым працяг стараж.-рус. искони, ст.-слав. искони. Апошнія з из‑кон‑, гл. канец (Праабражэнскі, 2, 274; Фасмер, 2, 140).