Скалаваце́ць ‘змерзнуць; аканапаць’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ). Да скале́ць ‘тс’ з пашырэннем асновы, гл. калець; зыходнае калава́ты ‘цвёрды, як кол’, адкуль калава́цець ‘рабіцца цвёрда-пругкім, нягнуткім’ (ашм., Стан.).
*Скалавокі, скалого́кый ‘прыжмураны, з прыжмуранымі вачыма’ (Клім.), скалоокі, скалеокі ‘тс’ (ТС). Да скаліць (вочы) ‘прыжмурваць’ (гл.). Укр. скалоо́кий ‘той, які мае бяльмо на воку’, да скалка ‘бяльмо’.
Скалагу́дзіць ‘збудаваць’ (Жд. 2). Няясна. Магчыма, дзеяслоў на базе халуга ‘халупа’, халабу́да ‘прымітыўнае збудаванне; цыганская буда на возе’, гл.
Скалазу́б ‘насмешнік, рагатун’ (Бяльк.; карэліц., Жыв. НС; ашм., Стан.), скалазу́бы ‘чалавек, які часта шчэрыць зубы’ (Ян.). Складанае слова, параўн. рус. зубоскал ‘тс’ з адваротным парадкам элементаў. Гл. скаліць (зубы).
Скаламбу́ха ‘страшная пачвара, здань, якой палохалі дзяцей’ (навагр., Жыв. сл.). Няяснае слова. Хутчэй за ўсё, дэрыват з суф. ‑ух(а) ад літ. skalam̃byti ‘гучна ўдараць; гучна лаяць’, ‘моцна біць, калаціць’.
Скаламу́да ‘рудая кусьлівая парода балотных мурашак, якая жыве на кургане і травах балот’ (Дразд.). Няясна.
Скаланда́ ‘пасмешышча’, ‘нікчэмнасць, дрэнь’ (Нас.), ‘скандал’: век жывуць са скаландой (Мат. Гом.), скулунда́ ‘аткіды, смецце’, ‘астатак’ (Бяльк.), скулінда́ ‘дробязь, вельмі мала’ (Юрч.). Насовіч (Нас., 580) узводзіць да грэч. σχανδαλον ‘спакуса’, ‘перашкода’, параўн. сканда́л (гл.), што магло паўплываць на семантыку. Відаць, запазычанне з літ. skalánda ‘доўгая адшчэпленая лучына для пляцення кошыкаў і да т. п.’, ‘трэска, асколак’, skelénda ‘трэска, асколак’, якія, паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 269), ад skélti ‘шчапаць’ з суф. ‑da. Да семантыкі параўн. дробязь < дробны < драбіць.
Скалану́ць ‘страсянуць; паварушыць’, ‘перамяшаць’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Яруш., Чач., Шн.), ‘страсянуць’ (навагр., Сл. ПЗБ; Сержп. Прымхі), скалану́цца ‘ўздрыгнуць, задрыжаць’ (Байк. і Некр., Шат.), скалатну́ць ‘патрасці’ (ТСБМ, Варл.). Ад скалатнуць, дзеяслова аднакратнага дзеяння, да калаціць (гл.) з спрашчэннем групы зычных. Няма падстаў скалану́ць ‘скаламуціць, замуціць (ваду)’ выводзіць з літ. skalinât, skaluõt ‘паласкаць бялізну’, як сцвярджае Лаўчутэ (Балтизмы, 72), таму што іх семантыка поўнасцю адпавядае асноўным значэнням дзеяслова.
Скалатня́ ‘муць, падонкі’ (Нас., Байк. і Некр.). Дэрыват ад скалаціць < калаціць (гл.) з суф. ‑н(я).
*Ска́лачка, ска́лочка ‘скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum L.’ (Бейл.). Бліжэйшыя адпаведнікі — ска́лачка ‘плямка тлушчу ў страве’ (Сл. ПЗБ), укр. ска́лочка ‘кусок, асколак крэменю’, ‘ракавіна малюска’, балг. радоп. ска́лички ‘дзіцячая гульня з пяццю каменьчыкамі ці костачкамі’; гл. скалка1,2, 3. Расліна магла быць названа па знешнім падабенстве з ракавінай або з-за адпадаючых лістоў-лускавінак. Але параўн. яшчэ славац. skalnica ‘расліна скочкі’, якая так завецца па месцы знаходжання некаторых яе відаў; гл. Махэк, Jména, 58. Усё да кораня скал‑ (гл. скала́ 1).