Вярбі́на (разм.) ’вярба’; ’дрэва вярбы’ (БРС, Шат., Касп.). Утворана ад вярба (гл.) і суф. ‑іна са значэннем адзінкавасці.
Вярбі́шнік ’кізляк, наумбургія гронкакветкавая, Naumburgia thyrsiflora (L.) Rchb.’ (маг., Кіс.); ’звычайная лазаніца, Lysimachia vulgaris L.’ (маг., Кіс.), рус. верби́шник ’дзіванна звычайная, Verbascum thapsus L.’ Да вярба́ (гл.). Лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑іш‑нік. Магчыма, гэта запазычанне з рус. мовы.
Вярблю́д (БРС), укр. верблюд, рус. верблюд, ст.-рус. верблюдъ (верблудъ), верьбудъ (вербюдъ) (з XII ст.), польск. wielbłąd, в.-луж. wjelbłud, чэш. velbloud, славац. veľblúd, славен. velblòd, балг. велблюд, ст.-слав. вельбѫдъ, вельблѫдъ. Прасл. velьbǫdъ запазычана з гоц. ulbandus < грэч. ἐλέφας, ἐλέψαντος ’слон’. Першапачаткова, відаць, было vъlbǫdъ, пасля відазмянілася пад уплывам народнай этымалогіі, якая атаясамлівала яго са словамі велии ’вялікі’ (< velьjь) і блѫдити (< blǫditi) ’блукаць’, а ў выніку дысіміляцыі ‑л‑ у складзе вельб‑ з’явілася ‑р‑ (Праабражэнскі, 1, 72; Шанскі, 1, В, 55–56; Фасмер, 1, 293; Кіпарскі, Gemeinslav., 213). Сюды ж вярблю́джы, вярблю́джына, вярблю́дзіца (БРС).
Вярблю́дка ’расліна вярблюдка, Corispermum L.’ (БРС, Кіс.), укр. верблюдка ’скрыпень чатырохгранны, Epilobium tetragonum L.’, рус. верблюдка ’вярблюдка’. Бел. назва расліны запазычана з рус., дзе суадносіцца з лексемай верблюд; параўн. рус. верблюдка//верблюжья трава (Даль, 1, 438). Да вярблюд (гл.).
Вярбня́к ’зараснік вярбы, вербалозу’ (БРС, Мат. Гом.), укр. вербняк ’вярбовы гай’. Утворана ад вярба (гл.) і суф. ‑няк, які ва ўсх.-слав. мовах утварае назвы гаю ад назвы дадзенага віду дрэў.
Вярбо́ўка ’набор, наём, прыцягванне добраахвотнікаў у якую-небудзь арганізацыю’. Бел. лексема ўтворана ад дзеяслова вербаваць, які (таксама як і рус. вербовать) быў запазычаны з польск. werbować ’набіраць у войска’; ’старацца знайсці сабе аднадумцаў, добраахвотнікаў’ < ням. werben ’набіраць рэкрутаў’ (Фасмер, 1, 294; Шанскі, 1, В, 56; Брукнер, 608). Гл. вербаваць.
Вярбяніца ’чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад прыметніка vьrběnъ і суф. ‑ica.
*Вярве́чка, вэрвэ́чка ’частка абутку’ (Бес.). Да вяро́вачка (гл.). Пад уплывам польскай мовы відазмяніўся суфікс, націск слова на перадапошнім складзе, а ў сувязі з гэтым адбылося скарачэнне групы ‑ров‑ > ‑рв‑.
Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.
*Вяргу́ля, вэргу́ля ’верхняя частка вулля-калоды’ (нараўл., Анох.). Укр. чарніг. варґуля ’гуз (на галаве)’. Узыходзіць да хойн., браг. варгу́ля, варґу́ля ’нарасць на дрэве, якую адрэзвалі і накрывалі ёю калоду-вулей’ (Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). З польск. warga, wargula ’губа’. Гл. яшчэ вургу́ль.