Ля́скалка ’скрыпень вузкалісты, Epilobium angustifolium Scop.’ (лельч., Нар. лекс.). Відаць, да ля́скаць. Аднак матывацыя застаецца няяснай. У часткі назваў пераважае «гукавая» прыкмета: скрыпень, скрыпнік, скрыпун. Сюды ж і ля́скалка. Магчыма, паводле гука пры ляску, трэску плода-каробачкі.
Ля́скат ’гукі пры лясканні’ (ТСБМ, Растарг.; стаўб.; Нар. словатв.), ля́скот ’бразгат’ (ТС), укр. лескіт ’трэск’. Утворана ад леската́ць (гл.) < прасл. leskati > ляскаць (гл.).
Ля́скаўка 1 ’смалёўка, Silene cucubalus Wib.’ (брэсц., Кіс.; лельч., Арх. ГУ), тураў. ля́скоўка ’тс’ (ТС), а таксама ’палявая мята’; асіп. ’званец, Rhinanthus L.’ (Сл. ПЗБ). Да ля́скаць (гл.) — надзьмуты падвяночак гучна лопаецца, калі яго злавіць пальцамі. Аналагічна паўд.-чэш. praskavec (< praskati ’лопацца, трэскацца’), славац. pukaía (< pukať ’тс’), польск. trzaskawka (< trzaskać ’тс’).
*Ля́скаўка 2, ля́скоўка ’плавальны пузыр у рыбы’ (ТС). Да ляскаць ’трэскацца’ (гл.).
*Ля́скаўка 3, ля́скоўка ’падлешчык’ (ТС). Да ле́скаўка (гл.).
Ля́скаўка 4 ’палоска кары, раздвоеная з аднаго канца для перадачы тонкага гука пры гульні «ляшчоткі»’, ’гульня «ляшчоткі»’ (Нас.). Роднаснае з польск. laskować ’выразаць жалабы’, ’аздабляць дранкай, ляскамі, прутамі’, ’рыфляваць’.
Ля́скаць ’утвараць ляск, прарэзлівы стук’, ’пляскаць у далоні’ (ТСБМ, Шат., Касп., КЭС, лаг.), ’трашчаць, праводзячы кіем па радзе калоў’ (Гарэц.), ’біць, удараць чым-небудзь плоскім’ (Сцяшк., Шат.), ’стукаць’ (ТС), ’прыбіваць нітку пры тканні’, ’крычаць прарэзліва’ (Ян.), ’клекатаць (пра бусла)’ (докш., Сл. ПЗБ), ля́снуць ’выцяць, агрэць’, ’згінуць’, ’знікнуць, прапасці’, ’пабегчы’, ’выпіць’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ТС; КЭС, лаг.; рагач., Мат. Гом.), лясонуць ’моцна ляснуць’ (ТС), ля́снуцца ’упасці і моцна ўдарыцца’ (ТСБМ, Растарг., Мат. Гом., ТС), пін. ляску́чы ’звонкі, гучны’ (Нар. лекс.). Укр. ля́скати, рус. ля́скать ’тс’; ст.-рус. ляскати ’ляскаць зубамі’, ’чаўкаць’. Прасл. leskati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 135–136).
Ляска́ч, ліска́ч ’пляскач, удар’ (Бяльк.). Да ля́скаць (гл.).
*Лясклівы, лесклі́вы ’ліслівы, падлізлівы’ (Бес.). З ⁺лестлівы. Да лёста, лёстачкі (гл.).
Лясковачка 1, лесковачка ’гаршчочак’ (светлаг., Мат. Гом., Ян.). Няясна. Магчыма, звязана з ляска ’ляшчына’ — дубчыкі з ляшчыны, якімі аплятаўся слабы гаршчок для большай моцы. Параўн. берасцень ’гаршчок, які быў аплецены берастам’. Не выключана найменне гаршка паводле палосак, нанесеных на паверхню. Параўн. польск. laskować ’рабіць жалабкі’, ’пакрываць дранкай, ляскай’, laskowaty ’рыфлены’, а таксама ст.-бел. ляска ’нейкая судзіна’ (Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лязкоўка.
Лясковачка 2 ’дзіцячая гульня’ (Ян.), ляскоўка (іграць у ляскоўку) — бел.-рус. ізалекса (Герд, там жа, 32). Відаць, да ляскаць. У пацвярджэнне можна прывесці апісанне гульні ў Бялькевіча: адзін нагінаецца і зажмурвае вочы, яго па спіне б’юць (= ляскаюць), а ён павінен адгадаць, хто ўдарыў (Бяльк., 256).
Лясковы 1 ’лясны’ (Др.-Падб.). Утворана ад лясок ’малы лес, гаёк’, параўн. ст.-польск. lasko ’тс’. Да лясок (гл.).
Лясковы 2 ’арэхавы’ (Нас.; слуц., Сл. ПЗБ). Да прасл. lěska ’ляшчына’. Гл. леска 1 і лясок.
Ляскотка ’прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараецца дробны, перарывісты стук, бразготка’ (ТСБМ). Да леската́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 62.
Ляскоўка ’дзікая лясная яблыня; плод з яе’ (кір., Нар. сл.; чачэр., Мат. Гом.), ляскоўкі ’лясныя яблыкі’ (КЭС, Чыгрынаў). Утворана ад лясковы, якое ад лясок ’гай, невялікі лес’ (гл.). Параўн. ст.-польск. lasko ’тс’, н.-луж. lěsko ’малы ліставы лес’ < lěso ’ліставы лес’, ст.-чэш. les, lesy ’лістота’, ’парасткі’.