Лясковачка1, лесковачка ’гаршчочак’ (светлаг., Мат. Гом., Ян.). Няясна. Магчыма, звязана з ляска ’ляшчына’ — дубчыкі з ляшчыны, якімі аплятаўся слабы гаршчок для большай моцы. Параўн. берасцень ’гаршчок, які быў аплецены берастам’. Не выключана найменне гаршка паводле палосак, нанесеных на паверхню. Параўн. польск. laskować ’рабіць жалабкі’, ’пакрываць дранкай, ляскай’, laskowaty ’рыфлены’, а таксама ст.-бел. ляска ’нейкая судзіна’ (Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лязкоўка.

Лясковачка2 ’дзіцячая гульня’ (Ян.), ляскоўка (іграць у ляскоўку) — бел.-рус. ізалекса (Герд, там жа, 32). Відаць, да ляскаць. У пацвярджэнне можна прывесці апісанне гульні ў Бялькевіча: адзін нагінаецца і зажмурвае вочы, яго па спіне б’юць (= ляскаюць), а ён павінен адгадаць, хто ўдарыў (Бяльк., 256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)