Ля́скаўка1 ’смалёўка, Silene cucubalus Wib.’ (брэсц., Кіс.; лельч., Арх. ГУ), тураў. ля́скоўка ’тс’ (ТС), а таксама ’палявая мята’; асіп. ’званец, Rhinanthus L.’ (Сл. ПЗБ). Да ля́скаць (гл.) — надзьмуты падвяночак гучна лопаецца, калі яго злавіць пальцамі. Аналагічна паўд.-чэш. praskavec (< praskati ’лопацца, трэскацца’), славац. pukaía (< pukať ’тс’), польск. trzaskawka (< trzaskać ’тс’).

*Ля́скаўка2, ля́скоўка ’плавальны пузыр у рыбы’ (ТС). Да ляскаць ’трэскацца’ (гл.).

*Ля́скаўка3, ля́скоўка ’падлешчык’ (ТС). Да ле́скаўка (гл.).

Ля́скаўка4 ’палоска кары, раздвоеная з аднаго канца для перадачы тонкага гука пры гульні «ляшчоткі»’, ’гульня «ляшчоткі»’ (Нас.). Роднаснае з польск. laskować ’выразаць жалабы’, ’аздабляць дранкай, ляскамі, прутамі’, ’рыфляваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)