Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прале́ска, прале́шка ’травяністая лясная расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі, Hepatica Mill. nobilis gartsult’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Кіс.), ’кураслеп, Anemone nemorosa L.’ (віц., брэсц., Кіс.), ’сон раскрыты, Pulsatilla potens L.’ (мін., Кіс.), ’падснежнік, Gallanthus nivalis L.’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. проле́ска, переле́ска ’расліна Mercurialis, Iris, Scilla’, укр. про́ліска, підліска, перелі́ска ’Hepatica’, чэш. podleska, podlíška, ст.-чэш. podléščka, польск. przelaszczka, przylaszczka, przedlaszczka ’расліна Hepatica’. Этымалогія застаецца няяснай. Праабражэнскі (2, 131) лічыць вытворным ад лес. Махэк (Jména, 48), зыходзячы са ст.-чэш. і польск. форм, узводзіць слова да прасл. *lěska ’лясны арэх’, г. зн. ’расліна, якая расце pod lískou’, і параўноўвае з ням. Hasselblaume < Hassel ’арэх’. Гэтаму пярэчыць батанічная характарыстыка расліны, паводле якой яна расце на палянах і адкрытых месцах у лесе. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 374; ЕСУМ, 4, 596; Банькоўскі, 2, 857–858. Пра іншыя назвы раслін гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 25–26.

Прале́так ’аднагадовае жарабё, цялё’ (Нас.). Да пра- і лета. Калька польск. przelatek ’аднагадовая жывёліна’.

Пралета́рый, пралета́р ’наёмны рабочы’, ’незаможны грамадзянін у Старажытным Рыме’ (ТСБМ). Для гэтых дзвюх форм магчымы дзве крыніцы запазычання. Пралетарый, відаць, праз рус. пролетарий ’тс’, якое праз ням. Proletarier узыходзіць да лац. prōlētārius ’грамадзянін, які служыць дзяржаве толькі тым, што мае дзяцей’ < prōlēs ’патомства, нашчадкі’ (гл. Фасмер, 3, 375). Форма пралета́р магла ўзнікнуць з польск. proletariusz у выніку адпадзення нязвыклага канчатка ‑usz, аднак, параўн. франц. prolétaire, з якога, відаць, чэш. proletář, польск. proletarz (Банькоўскі, 2, 782) і ўкр. пролета́р (ЕСУМ, 4, 596). Не выключана, аднак, што яна паходзіць ад пралетарый з усячэннем ‑ый. Пралетарыят з рус. пролетариат (Крукоўскі, Уплыў, 81).

Пралёт ’скразная адтуліна, праём’ (ТСБМ), ’франтон’ (віц., ДАБМ, камент., 778), ’градка, рад’ (Сцяшк. Сл.). Рус. проле́т ’скразная адтуліна, праём’, укр. проліт ’тс’, ’дыяметр’, польск. przelot тэхн. ’адтуліна’, ’дыяметр (трубы, канала)’, чэш. průdet ’пералёт’, серб.-харв. пролет ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад праляцець < ляцець. Значэнне ’адтуліна, праём’ — праз прамежкавае значэнне ’адтуліна, праём для пралёта, прахода’.

Пралётка ’лёгкі адкрыты двухмесны экіпаж’ (ТСБМ). З рус. пралётка ’тс’, якое, паводле Даля (3, 493), ад пролетать ’хутка працякаць, прабягаць пэўную адлегласць’.

Пралётма ’хутка’ (Нас.). Ад праляцець з суф. ‑ма. Аб суфіксацыі гл. Карскі 2-3, 67. Параўн. таксама чэш. letmo ’мелькам, мімаходам’.

Пралётная. Гл. праметная.

Пралётны ’рухавы’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’праліўны (дождж)’ (лід., Сл. ПЗБ). Да праляцець з суф. ‑н‑.

Пралі́к ’памылка пры лічэнні’ (Нас.). Зваротны дэрыват ад пралічыцца < польск. przeliczyć się.

Пралі́ў ’вузкая паласа вады, якая злучае два водныя басейны ці дзве часткі воднага басейна’ (ТСБМ), ’пераліванне крыві’ (лудз.; Сл. ПЗБ). Рус. проли́в ’праліў; дзеянне па дзеяслову проливать’; чэш. průliv ’праліў’ (з рус., слова ў Махэка₂ адсутнічае). Да праліваць < ліць (гл.). Літаратурнае праліў, магчыма, з рус. (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 86). Сюды ж пралі́ўнік ’праліўны дождж’ (Сцяшк. Сл.).