Прале́ска, прале́шка ’травяністая лясная расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі, Hepatica Mill. nobilis gartsult’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Кіс.), ’кураслеп, Anemone nemorosa L.’ (віц., брэсц., Кіс.), ’сон раскрыты, Pulsatilla potens L.’ (мін., Кіс.), ’падснежнік, Gallanthus nivalis L.’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. проле́ска, переле́ска ’расліна Mercurialis, Iris, Scilla’, укр. про́ліска, підліска, перелі́ска ’Hepatica’, чэш. podleska, podlíška, ст.-чэш. podléščka, польск. przelaszczka, przylaszczka, przedlaszczka ’расліна Hepatica’. Этымалогія застаецца няяснай. Праабражэнскі (2, 131) лічыць вытворным ад лес. Махэк (Jména, 48), зыходзячы са ст.-чэш. і польск. форм, узводзіць слова да прасл. *lěska ’лясны арэх’, г. зн. ’расліна, якая расце pod lískou’, і параўноўвае з ням. Hasselblaume < Hassel ’арэх’. Гэтаму пярэчыць батанічная характарыстыка расліны, паводле якой яна расце на палянах і адкрытых месцах у лесе. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 374; ЕСУМ, 4, 596; Банькоўскі, 2, 857–858. Пра іншыя назвы раслін гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 25–26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)