Пралета́рый, пралета́р ’наёмны рабочы’, ’незаможны грамадзянін у Старажытным Рыме’ (ТСБМ). Для гэтых дзвюх форм магчымы дзве крыніцы запазычання. Пралетарый, відаць, праз рус. пролетарий ’тс’, якое праз ням. Proletarier узыходзіць да лац. prōlētārius ’грамадзянін, які служыць дзяржаве толькі тым, што мае дзяцей’ < prōlēs ’патомства, нашчадкі’ (гл. Фасмер, 3, 375). Форма пралета́р магла ўзнікнуць з польск. proletariusz у выніку адпадзення нязвыклага канчатка ‑usz, аднак, параўн. франц. prolétaire, з якога, відаць, чэш. proletář, польск. proletarz (Банькоўскі, 2, 782) і ўкр. пролета́р (ЕСУМ, 4, 596). Не выключана, аднак, што яна паходзіць ад пралетарый з усячэннем ‑ый. Пралетарыят з рус. пролетариат (Крукоўскі, Уплыў, 81).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)