Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Радны́ ’родны’ (брасл., Сл. ПЗБ). Гл. ро́дны. Пераход націску адбыўся пад уплывам аднакарэннага рус. родно́й ’родны’ ці ў выніку характэрнага для паўночна-заходняй зоны беларускіх гаворак зруху націску, параўн. куры́ца ’курыца’ і пад.

Радня, да род 1, родны (гл.).

Радо́вішча ’месца нараджэння карысных выкапняў’ (ТСБМ), радо́вішчы ’нетры’ (Сцяшк. Сл.). Уведзена ў літаратурную мову стваральнікамі БелСЭ (Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка, Мн., 1989, 230) як калька рус. месторождение ’тс’; аўтарства прыпісваецца Я. Казеку (Полымя, 1997, 12, 2000; Роднае слова, 1995, 1, 11). Параўн. аднак укр. родови́ще ’тс’, што побач з рус. родни́к ’крыніца’ сведчыць аб прадаўніх уяўленнях пра нараджэнне (корань род‑) усяго існага (Німчук, Давньорус., 14).

Радо́ста ’ружа войлачная’, ’шыпшына’ (гродз., Кіс.). Няясна. Адзінкавая назва, магчыма, звязана з ст.-рус. радостома ’настойка ружы’, што з с.-грэч. ροδόσταμα < ροδοσ‑ταγμα (параўн. Фасмер, 3, 492).

Радо́ўка 1 ’від грыбоў’ (ТСБМ; астрав., смарг., мядз., бярэз., Сл. ПЗБ; ЖНС, Бяльк.). Назва ўтворана ад слова рад 1 (гл.), таму што гэтыя грыбы растуць радамі (Сярж., Грыбы). Параўн. мяжо́ўка ’цімафееўка’ — расліна, якая расце па межах дарог (гл.) і пад.

Радо́ўка 2, рато́ўка, радо́ўга ’чарга’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.; брасл., чэрв., бярэз., докш., навагр., лід., дзятл., Сл. ПЗБ; Сцяшк., Ян., Юрч.), ’чарга пасвіць кароў, авечак і да т. п.’ (Ян., Касп.), ’чарговае ўтрыманне нанятага пастуха’ (чэрв., лаг., брасл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.). Ад рад 1 (гл.); параўн. балг. реди́ца ’рад, шэраг’.

Ра́дуга, ра́духа ’вясёлка’ (ТСБМ; зэльв., маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; пруж., ДАБМ, камент.), радзіха ’вясёлка’ (слонім., ДАБМ, камент.), рус. ра́дуга, рус. дыял. ра́йдуга, ра́вдуга, ра́духа, ра́дута, радуни́ца, укр. ра́йдуга, ра́дуга. Усходнеславянскі лакальны тэрмін. На Беларусі зафіксаваны паўсюдна (ДАБМ, карта № 312). Складаецца з дзвюх частак: ра‑ (рай) і дуга (гл.). Галоўную цяжкасць уяўляе тлумачэнне першай часткі слова ра‑. Па народных уяўленнях радуга з’яўляецца добрай прыметай, выражэннем божай ласкі, параўн. рус. дыял. божья дуга ’вясёлка’, таму верагодным падаецца збліжэнне яе са словамі ра́ды, ра́дасць (гл.). На карысць гэтага сведчыць і назвы рэаліі з коранем *vesel‑ — вясёлка, весялуха (гл.), а таксама найменні ра́довіца, ра́давіца, ра́даўніца (ТС). Па іншай версіі, слова ўтварылася ў выніку гаплалогіі ад спалучэння тыпу *рада‑дуга, як будні з *будьни(е) дьни (Чарных, 2, 95; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Найбольш верагодным лічаць паходжанне з *radǫga, вытворнага ад * rad‑ і dǫg‑ (> дуга, гл.) (Фасмер, 3, 431; Праабражэнскі 2, 171; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Палес. ра́довіца, ра́давіца ўтворана ад кораня *rad‑ як бліскавіца, зараніца (Талстой, там жа, 30). Адносна распаўсюджання ў еўрапейскіх назвах вясёлкі матывацыі ’радасць, шчасце, весялосць’ гл. ALE, 1, 9. Другі элемент у шмат якіх мовах разумеецца як ’лук’, гл. Алінеі, ОЛА, Исследов. 1983, 106–110; Жураўлёў, Язык и миф, 69, 179–180 (з аглядам літ-ры).

Радулі, рададу́лі ’вялікі воз дня перавозкі сена і снапоў’ (Касп.), рус. смал. ра́дылі ’высокі воз для перавозкі сена і снапоў’. Балтызм. Параўн. лат. rẽdete ’воз для перавозкі сена, саломы’, radeles ’яслі, кармушка’ (Блесэ, SB, 9). Не выключана таксама паходжанне з эст. redel ’арабіна, прыстасаванне для сушкі сена’ (Анікін, Опыт, 264).

Ра́дуніца ’дзень памінання продкаў’ (Скарбы; гом., Талстая, Полес.), радуніца: да абеда плачуць, а па абедзе скачуць (Сержп. Казкі), ра́дунішта (ра́дашна) нядзеля ’тыдзень пасля Вялікадня’ (Мат. Гом.), ра́данец ’тс’ ’радаўніца’ (КЭС), параўн. рус. ра́дуница ’тс’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’. Гл. радаўніца. Паводле Анікіна (Опыт, 261), названыя формы з’яўляюцца больш раннімі, чым формы са слядамі дыфтонга au, якім прыпісваецца балтыйскае паходжанне (Лаучутэ, Балтизмы, 127–129) і якія могуць адлюстроўваць збліжэнне з радавацца (гл.). На гэтай падставе нельга не пагадзіцца з Жураўлёвым (Язык и миф, 393), што з’ява можа мець дахрысціянскія вытокі і славянскія карані, параўн. балг. редуни́ца ’рад, шэраг’ (Сб. НУ, 38, 138), изре́ждам ’прычытаць, пералічаць’, редо́вна неде́ля ’другі тыдзень перад Сырапустным або трэці перад Вялікім постам’, редовна́ неде́ля ’тыдзень ад Мясаеда да Сырапустнага тыдня’ (узводзіцца да ред ’рад’, БЕР, 3, 201) і жытом. ра́довый дэнь ’радаўніца’ (Талстая, Полес., 205).

Раду́ты ’бяседа з частаваннем у суботу ці нядзелю’ (навагр., З нар. сл.). Няясна.

Раду́шкі ’лісічкі’ (воран., Сл. ПЗБ). Назва ўтворана ад руду́шкі ’тс’ (астрав., іўеў., там жа), якое ў сваю чаргу з’яўляецца запазычаннем з літ. ruduškà ’лісічка’ (там жа).