Ра́дуга, ра́духа ’вясёлка’ (ТСБМ; зэльв., маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; пруж., ДАБМ, камент.), радзіха ’вясёлка’ (слонім., ДАБМ, камент.), рус. ра́дуга, рус. дыял. ра́йдуга, ра́вдуга, ра́духа, ра́дута, радуни́ца, укр. ра́йдуга, ра́дуга. Усходнеславянскі лакальны тэрмін. На Беларусі зафіксаваны паўсюдна (ДАБМ, карта № 312). Складаецца з дзвюх частак: ра‑ (рай) і дуга (гл.). Галоўную цяжкасць уяўляе тлумачэнне першай часткі слова ра‑. Па народных уяўленнях радуга з’яўляецца добрай прыметай, выражэннем божай ласкі, параўн. рус. дыял. божья дуга ’вясёлка’, таму верагодным падаецца збліжэнне яе са словамі ра́ды, ра́дасць (гл.). На карысць гэтага сведчыць і назвы рэаліі з коранем *vesel‑вясёлка, весялуха (гл.), а таксама найменні ра́довіца, ра́давіца, ра́даўніца (ТС). Па іншай версіі, слова ўтварылася ў выніку гаплалогіі ад спалучэння тыпу *рада‑дуга, як будні з *будьни(е) дьни (Чарных, 2, 95; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Найбольш верагодным лічаць паходжанне з *radǫga, вытворнага ад * rad‑ і dǫg‑ (> дуга, гл.) (Фасмер, 3, 431; Праабражэнскі 2, 171; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Палес. ра́довіца, ра́давіца ўтворана ад кораня *rad‑ як бліскавіца, зараніца (Талстой, там жа, 30). Адносна распаўсюджання ў еўрапейскіх назвах вясёлкі матывацыі ’радасць, шчасце, весялосць’ гл. ALE, 1, 9. Другі элемент у шмат якіх мовах разумеецца як ’лук’, гл. Алінеі, ОЛА, Исследов. 1983, 106–110; Жураўлёў, Язык и миф, 69, 179–180 (з аглядам літ-ры).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)