Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рагу́лька1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Рагу́лькі ’казялец’, ’кураслеп, Ranunculus acer L.’ (ЛА, 1; іўеў., Сл. ПЗБ). Ад рог1 (гл.) з-за падобных да рожак формы лістоў.

Рагу́ля1, ра́гуліна ’прадмет, які мае разгалінаванне ў выглядзе рагоў’ (ТСБМ, Гарэц.), ’галіна’ (Ян.), ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’карова з вялікімі рагамі’ (Нар. Гом., Інстр. 2). Сюды ж рагу́лькі ’наморднік з цвікамі (для маладых цялят)’. Ад рог1 (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальных суф. ‑ул‑я, ‑ул‑ін‑а як крыву́ля, рыжу́ля (Сцяцко, Афікс. наз., 122–123).

Рагу́ля2 (rohula) ’палявая кветка, Delphinium consolida’, rogulka ’тс’ (Ажэшка). Да рог1 (гл.) з-за “рагатасці” кветак.

Ра́гуці, рагу́ці́, ра́гуцькі, рагуце́ ’дзве жэрдкі, якія кладуцца на сані, каб сані былі шырэй’ (смарг., Сл. ПЗБ; Шат.), ’шырокія сані’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. польск. дыял. ragucie ’сані для перавозкі дроў’. Запазычанне з літ. rãgutes ’сані’ < ragaĩ ’рогі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 127; Сл. ПЗБ, 4, 238).

Раґа́лы ’пацехі поту; пацёкі на запацелых вокнах’ (віл., Сл. ПЗБ). Гл. рага.

Рад1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Ра́да ’парада, павучанне’, ’сход’ (ТСБМ), ’парада, сродак’ (Нас.), ’парада, дапамога, работа’ (Ян., Бяльк.), ’парада’ (астрав., шальч., віл., маст., мядз., шчуч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’спосаб, змова’ (Юрч.), ’нарада родных і сваякоў’ (ТС), ’сродак, выхад’, ’рада’ (Гарэц.), даць ра́ды ’справіцца з чым-, кім-небудзь’ (Калюга), ст.-бел. рада ’парада’, радити, радить, укр. ра́да, рус. дыял. ра́да, польск. rada ’рада, парада’. Лічыцца, што ўсходнеславянскія мовы запазычылі гэтую лексему праз польскую з с.-в.-ням. rât ’рада’, параўн. ням. Rath, rathem ’радзіць’, інд. rādh‑noti ’набываць; атрымліваць карысць’, авест. rāda‑ ’дабівацца чаго-небудзь, мець клопат’ (Фасмер, 3, 429; Брукнер, 452). Бязлай (3, 143) выказвае сумненне ў запазычаным характары слова, рэканструюе прасл. *radъ, што да і.-е. *rōdh‑, параўн. ст.-інд. rādha‑ ’блаславенне, поспех, шчодрасць’. Сюды ж адносяцца серб. ра́дити, харв. ràditi ’рабіць’, гл. рад2. Дапускаючы такую магчымасць, нельга выключыць змяшэнне са старым запазычаннем праз польскую з нямецкай (Нававейскі, Zapożyczenia, 10) ра́да ’савет, рада (як орган)’ (Гарэц.), параўн. ст.-бел. рада ’орган пры магістраце, які выконваў функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах’.

Радабо́дзіна, радабо́ціна, радабо́ззя ’рэдкае, няякасна вытканае палатно’ (лід., ганц., смарг., мядз., Сл. ПЗБ), радабо́дзь, радабо́ць ’рэдкае (пра палатно, пасеў, сенажаць)’ (Нар. словатв., Варл.), ’рэдкія ўсходы’ (Юрч.), ’грубая, рэдкая тканіна’ (Янк. 3.), radabócie ’рашотка’ (Арх. Федар.), радабо́ддзе: з радабоддзя хмар зрэдку вытыркаўся месяц (Асіпенка, Полымя, 1992, № 5). Ад рад1 (гл.) і бада́ць (< *bosti) (гл.), параўн. серб.-харв. бо̑д ’укол’, ’спосаб шыцця і пляцення’, ’пятля ў пляценні’, ’калючка’, макед. бод ’шывок’, ’вастрыё’, балг. бод ’укол вострым’, ’тып пляцення’, ’шывок пры вышыванні’, якія ўзыходзяць да *bodъ. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 29), ад рэдкі (гл.), у аўтара радкі́: «усё тое, дзе рэдка стаяць бодкі — пункты».

Ра́давацца ’адчуваць радасць’, ра́даваць ’прыносіць, выклікаць радасць’ (ТСБМ), рус. ра́доваться, радовать, укр. ра́дуватися, ра́дувати, польск. radować się, чэш. radovati se, славац. radováť sa, в.-луж. radować so, славен. radovati se, серб.-харв. ра̏довати се, балг. радвам се, ст.-слав. радовати сѧ. Прасл. *radovati sę (< *radъ). Слова не мае роднасных сувязей у іншых і.-е. мовах, акрамя некаторых моў германскай групы. Тут мяркуецца і.-е. корань *red‑ (: *rod‑) ’радасны, вясёлы’, ’падбадзёрваць’; славянскія словы з прасл. коранем *rad‑ супастаўляюцца з англ.- сакс. rōt ’радасны’, ’вясёлы’, ст.-ісл. rǿtask ’станавіцца вясёлым, ясным’ (Покарны I, 853; Фасмер, 3, 429 з літ-рай).

*Ра́давіца, ра́довіца ’вясёлка’: узве́сіла радовіца — потопу не будзе (ТС). Ад радавацца (гл.) па тыпу вясёлка ’тс’.