Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Радзі́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.; сен., Гіл.), ’хвароба’ (Касп.), ’невядомы злы чалавек, чорт’ (Мат. Гом.), радзі́мец (ради́мец) ’нейкая хвароба, прыпадак у немаўлят’ (Раст.), радзі́мчык ’дзіцячая хвароба’ (Інстр. 2), ’мяккае месца на цемені ў нованароджанага дзіцяці’ (Арх. ГУ), рус. роди́мчик, роди́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’, дыял. роди́мец, роди́мое, родиманец, укр. роди́мец, роди́мчик ’хвароба’. Ад радзі́мы ’прыродны, ад нараджэння’, да радзі́ць1 (гл.), паколькі гэта пасляродавая хвароба. Відаць, табуізаваная назва, параўн. радзі́мец ’тутэйшы чалавек’, родзімы чолове́к ’свой, блізкі чалавек’ (ТС). Версія аб паходжанні ад назвы племені радзімічы (на карысць яе прыводзіцца паданне: радзімічы — ета месныя дреўнія людзі, якія дзелылі убействы, калі хто атказуваўся ат сваіх; параўн. таксама праклён каб цябе радзіміц забіў!, гл. Яшкін, Лекс. ландш., 204–205) падаецца малаверагоднай.

Радзі́мы ’родны, свой (ад нараджэння); спадчынны’ (ТСБМ, Нас.), радзімы ’прыродны, ад роду’ (ТС). Ад радзіць1 (гл.) па ўзору любімы. Сюды ж радзі́мы знак ’прыроджаная плямка на целе чалавека’ (Шат., Сцяшк.; ашм., Стан.), радзі́мая заме́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), радзі́мка ’тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), радзі́мае це́ла ’непашкоджанае месца на целе’ (Ян.), радзі́мы дзень ’дзень нараджэння’ (Мат. Гом.), параўн. рус. роди́мое пятно́, укр. роди́мка, родима пляма ’тс’.

Радзі́на ’сям’я’, ’радня’, ’родзічы і сваякі’ (ТСБМ, Касп., Шн. 3, Ян., Янк., Мат. Гом.), родзі́на ’радня; нешта блізкае, падобнае’ (ТС), ’сям’я і сваякі’ (Варл.). Даўняе запазычанне з польскай мовы, фіксуецца ў Скарыны (Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), параўн. польск. rodzina ’тс’ (< чэш. rodina), ст.-бел. родина.

Радзі́нка ’расліна, з дапамогай якой прыварожваюць каго-небудзь’ (Нар. Гом.). Суфіксальнае ўтварэнне ад род1 (гл.), аднак, матывацыя непразрыстая.

Радзі́ны ’нараджэнне дзіцяці’, ’святкаванне, звязанае з нараджэннем’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк.; шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Ад радзі́ць (гл.), як хрысці́ны ад хрысці́ць, ула́зіны ад ула́зіць, пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43.

Радзі́целі мн. л. ’нябожчыкі, родзічы’ (Ян., Нас., Гарэц.), радзі́целі, радзі́цельскі дзень ’Дзяды’ (Мат. Гом.), радзі́цель адз. л. ’родзіч, сваяк’ (ст.-дар., Жыв. сл.). Значэнне ’памёршыя бацькі’ з’явілася вынікам дыферэнцыяцыі назваў з-за семантычнага пераразмеркавання слоў бацькі́ (мясцовая назва бліжэйшых крэўных) і радзі́целірус. роди́тели ’бацькі’), што з ц.-слав., ст.-слав. родитель ’тварэц; бацька’ (БЕР, 6, 297). Адносна мн. л. гл. Фасмер, 3, 492.

Ра́дзіць1 ’настройваць’: radzić krosny ’укідаць у ніты і бёрда і затыкаць’ (Варл.), радзі́ць ’прыбіраць, упрыгожваць’, радзі́цца ’прыбірацца, апранацца’ (ТС), ст.-бел. радити ’падрыхтоўваць’ (Аповесць пра Трыплана). Сюды ж раджаный ’падрыхтаваны для ткацтва’, ’вытканы з узорамі’ (Юрч. СНЛ), рус. ряди́ться ’святочна апранацца’, укр. ряди́тися ’збірацца’, ’рыхтавацца’. Да прасл. *rędъ (> бел. рад1), *ręditi, першапачатковым значэннем якога было, відаць, ’прыводзіць у парадак’, ’парадкаваць’, параўн. укр. ряди́ти ’парадкаваць’, ’прыводзіць у належны выгляд’, в.-луж. rjadować ’ставіць у рад’, ’прыводзіць у парадак’, серб. ре́дити, харв. réditi ’тс’, балг. редя́ ’тс’. Развіццё семантыкі ішло наступным чынам: ’ставіць у рад’ > ’парадкаваць’ > ’упрыгожваць’.

Ра́дзіць2 ’даваць раду’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., навагр., ашм., ваўк., Сл. ПЗБ; Гарэц., Мал., Шпіл., Бес.), ’рабіць’ (Ян.), ра́дзіцца ’прасіць рады’, ’мець раду, раіцца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́дца ’той, хто раіць, дарадца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. радити ’раіць’, укр. ра́дити ’даваць параду’, ’разам абмяркоўваць пытанні’, ’шукаць выйсця’, польск. radzić ’раіць, абмяркоўваць’, radzić się ’радзіцца’, в.-луж. radzić ’раіць’, чэш. řadiť ’тс’. Да ра́да (гл.), якое з’явілася на аснове значэння ’рабіць’.

Радзі́ць1 ’нараджаць’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Варл.), родзі́ць ’тс’ (ТС), ’весціся’ (смарг., Сл. ПЗБ), радзі́ць, родзі́ці, роды́ты ’нарадзіць’, ’урадзіць’ (калінк., навагр., лід., свісл., віл., в.-дзв., пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), радзі́цца ’нарадзіцца’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), рус. роди́ть, укр. роди́ти, польск. rodzić, палаб. rudi să (3 ас. адз. л. цяп. ч.), в.-луж. rodźić, н.-луж. roźiś, чэш. roditi, славац. rodiť, серб. ро̀дити, харв. roditi, славен. roditi, макед. роди, балг. родя, ст.-слав. родити. Прасл. *roditi, звязана з род1 (гл.), параўн. лат. radît ’радзіць, тварыць’, rads ’родзіч, радня, род’, далейшыя сувязі з ст.-інд. várdhati ’памнажацца, павялічвацца, набываць сілу’ (Фасмер, 3, 492; Бязлай, 3, 190; Шустар-Шэўц, 2, 1230; БЕР, 6, 146).

Радзі́ць2 ’прарэджваць’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ), ’рэдка сеяць’ (Варл.), радча́ны ’прарэджаны’ (докш., Сл. ПЗБ). Ад рад1 (гл.) з пачатковым значэннем ’фарміраваць рады’ або ад рэдкі (гл.), г. зн. ’рабіць радзей’.

Радзю́га ’посцілка з грубай тоўстай тканіны’ (Ян., Сл. Брэс.), ’дзяружка’ (Сцяшк.; навагр., Сл. ПЗБ), ’грубая тканіна (Чач.), радзю́жка, радзю́шка ’дзяружка’ (ТСБМ, Нар. лекс., Сцяшк.; смарг., маст., свісл., ваўк., гарад., Сл. ПЗБ; беласт., ЖНС), ’посцілка з грубых нітак’ (Юрч. СНЛ), ’саматканая посцілка’ (Выг., Мат. Гом.), радзю́жына ’грубая, рэдкая тканіна’ (Федар.), ’гунька’ (гарад., Сл. ПЗБ). Няма дакладвай этымалогіі. Можна меркаваць, што ўварылася ад радно́ (гл.) пад уплывам слова дзяру́га (гл.) або ад рэ́дкі (гл.). Паводле Карскага (2–3, 33), — перастаноўкай складоў з дзяруга (< драць, гл.).

Радло́ ’плуг акучваць бульбу’, ’акучнік’ (Сцяшк., Сцяшк. Сл.), сюды ж радлава́ць, радлі́ць ’акучваць’ (там жа). Адаптаваны па націску (відаць, па тыпу вясло́, памяло́) паланізм. З польск. дыял. radło ’саха’. Параўн. ра́ла2 (гл.).

Радне́й ’раней’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ра́дні ’ранні’ (навагр., Сл. ПЗБ). Да ране́й, ра́нні з дысімілятыўным д.