◎ Нагні́сты ’моцны, магутны’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Як відаць з ілюстрацыі («Рука ў иаго нагнʼистайа, адразу паршука ўложыць»), тлумачэнне слова занадта абагульненае; хутчэй за ўсё гэта аказіяналізм ад нагнуць або ад гнясці ’прыціскаць’.
◎ Нагном ’нахіліўшы пасудзіну’ (піць) (Сл. ПЗБ, дзярж., З нар. сл., Нар. сл.), ’адным глытком, не адпачываючы, піць’ (беласт., Ніва, 22 красавіка 1979 г.), ’з бутэлькі, з гладыша, без шклянкі (піць)’ (бяроз., КЭС). Да нагнуць ’нахіліць’, параўн. больш архаічную форму нагбом (набгом) ’тс’.
Нагода ’прычына, выпадак’ (ТСБМ), параўн. таксама нагодачка‑пого́дачка ’божая кароўка’ (лаг., Шатал.). Укр. нагода ’выпадак, зручны час’, польск. nagoda ’прычына, аказія, выпадак, прыгода’, чэш. náhoda ’выпадак, выпадковасць, няшчасны выпадак’. Усё да *goditi з шырокай семантыкай, у тым ліку ’чакаць зручнага выпадку, рыхтавацца да нечага’, параўн. балг. нагодя се ’прыстасавацца, патрапіць’; зыходным для беларускага слова можа быць дзеяслоў нагадзіцца ’трапіцца, выпадкова сустрэцца, нечакана з’явіцца’, параўн. безасабовы дзеяслоў нагодзіло з супрацьлеглым (адмоўным) значэннем ’не ў пару прынесла каго-н. ці што-н.’ (Нас.). Наяўнасць падобных утварэнняў у народнай мове, здаецца, здымае пытанне аб магчымым пранікненні названага слова з чэшска-польскага арэала або з эмігранцкіх выданняў, дзе яны, на думку Жураўскага (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), «адзначаюцца значна раней, чым у нашых мясцовых беларускіх».
Нагодкі ’наготкі (кветкі)’ (Янк. 1). Гл. наготкі; змена зычнага выклікана, відаць, ад’ідэацыяй да нагадзі́цца, параўн. нагода (гл.), або азванчэннем у інтэрвакальным становішчы, параўн. нагадок ’тс’ (Сл. ПЗБ).
Нагокаць ’зрабіць многа’ (чач. Мат. Гом.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад гокаць ’стукаць, біць’, у аснове якога гукапераймальны выклічнік гок!, параўн. набу́хаць ’наліць’.
Нагонка ’ўшчуванне’: Дырэктар прыдзе, нагонку дасць (Крапіва). Наўрад ці звязана з польск. nagonka, naganka ’загон жывёл пад стрэлы паляўнічых, што сядзяць у засадзе’, хутчэй самастойнае ўтварэнне ад гнаць, параўн. наганяць ’насварыцца’ (Нас.), нагонка ’прыгон жывёлы на рынак’, ’даганянне’ і ’строгая вымова’ (там жа).
Наготкі ’расліна Calendula officinalis’, адз. л. наготка (міёр., Жыв. сл.; хойн., Пятк.), іншыя назвы: нагодкі, нагаткі́, ногцікі (гом., гродз., Кіс.), адз. л. нагадок (віл., Сл. ПЗБ), укр. нагідкі, рус. ноготки, польск. nogietki, nagietki, чэш. nehtíki. Памянш. да *nogъtь, гл. ногаць, з-за падабенства формы пладоў (Брукнер, 365; Махэк₂, 394), што, аднак, не можа вытлумачыць фармальныя змены, якія хутчэй за ўсё — вынік дээтымалагізацыі на глебе асобных славянскіх моў, параўн. тураў. наводка ’тс’, змененае пад уплывам дзеяслова наводзіць ’нараджаць’: «Часамі цельна худобіна хочэ звергаць, то напараць наводкі, даюць напіцца, то оно судзержыцца» (ТС).
Награ́ны, найгра́ны ’аплоднены (пра яйцо)’ (мін., слонім., Жыв. сл.; барыс., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС). Да ігра́ць ’спарвацца (аб птушках)’.
Нагу́ла ’гуляка, гультай’ (Нас.), ’свавольніца’ (чач., Мат. Гом.), ’той, хто нахабны’ (беласт., Сл. ПЗБ), нагу́ловаты ’упарты’ (мазыр., Жыв. сл.). Зыходная семантыка, прадстаўленая ў Насовіча, сведчыць пра сувязь з гуля́ць, словаўтварэнне, відаць, як у назола (ад назаляць); сувязь з літ. nuogùlis ’той, хто ходзіць у падраным адзенні’ (Сл. ПЗБ) застаецца праблематычнай.
Нагэ́лный ’неадкладны’, нагэ́лно ’неадкладна, дазарэзу’ (драг., З нар. сл.). Гл. наге́лніца.