Лі́чба ’знак для абазначэння ліку’, ’сума, лік, колькасць’ (Нас., Мядзв., Др.-Падб., Грыг., Бяльк., Шат., ТСБМ, ТС), ’падлік’ (Ян.), лічба ’лічэнне’ (Гарэц.). Укр. лічба, личба (з польск. мовы), рус. личба (Даль), смал. личба ’колькасць’, польск. liczba, н.-луж. licba, в.-луж. ličba, чэш. ličba (у Юнгмана — з польск. мовы), славац. licba, ličba. Трубачоў (Эт. сл., 15, 83–85) уключае дадзеныя з паўд.-слав. тэрыторыі: серб.-харв. лижба, лиџба ’аўкцыён’, ligʼba (з XIII ст.) < ličiti, балг. личба, лижба ’прыкмета’, лиджба ’прадвесце’, лижбъ ’нешта значнае’ і выводзіць прасл. ličьba, утворанае ад ličiti (sę) > лічыць (гл.). Аб суфіксе ‑ьba (-ба) гл. Слаўскі (SP, 1, 61–62) і Сцяцко (Афікс. наз., 33).
Лічба́н ’старажытная бронзавая манета; якая ўжываецца цяпер у прывесках на каралях’ (Нас.). Да лічма́н 1 (гл.). Назіраецца другаснае збліжэнне да слова лі́чба (Слаўскі, 4, 243).
Лі́чбы ’толькі б, хоць бы’ (маст., Сл. ПЗБ). З рус. лишь бы ’тс’.
Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).
Лі́чма ў выразе лі́чма лічы́ць ’лічыўшы, паводле ліку’ (Нас.), укр. лічма́. Утворана ад дзеяслова лічыць пры дапамозе суфікса ‑ъma, які ўзыходзіць да канчатка тв. склону парнага ліку (Ваян, Gram. comp. 2., 692). Аналагічна лежма ляжа́ць і інш.
Лічма́н 1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.
Лічма́н 2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н 1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.
Лі́чна ’шмат’, лічны ’шматлікі’ (Нас., Яруш.). Запазычана з польск. liczny ’які складаецца з многіх адзінак’ (Слаўскі, 4, 244).
Лі́чнік 1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.
Лі́чнік 2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліца ’калючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).
Лі́чны 1 ’шматлікі’ — гл. лі́чна.
Лі́чны 2 ’прывабны, статны’ (Ян.), польск. падгальск. liczny, ст.-чэш. líčný, чэш. lícný, славац. líčny, славен. líčen, серб.-харв. ли̑чан, макед. личен, балг. личен. Прасл. lič‑ьnъjь ’статны, прыгожы’. Да лік 2 < ліцо < lice (гл.). Відавочна, на развіццё семантыкі аказаў уплыў дзеяслоў ličiti ’фарміраваць, аздабляць, упрыгожваць’ (Слаўскі, 4, 244–245; Трубачоў, Эт. сл., 15, 85–87).
Лічы́длы ’лічыльнікі’ (свісл., Сцяшк. Сл.). З польск. liczydło ’тс’.