Лі́чнік1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.

Лі́чнік2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліца ’калючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)