Абусо́ка ’акружэнне пасля высочвання (звера)’ (Касп.) < *обосока да сачыць (гл.).
Абу́х ’абух’, рус. обух, укр. обух, ст.-рус. обухъ, польск. obuch, чэш. obuch, славац. obuch. Згодна з найбольш прынятай версіяй, ob‑uxъ (ад уха) (Юнгм., 2, 807; Праабражэнскі, 1, 632). Згодна з іншай, да o‑buxъ (бухаць) (Брандт, РФВ, 23, 94). Верагоднай здаецца таксама трэцяя версія < ob‑u‑xъ < ob‑uti ’надзяваць’; obuxъ ’тое, што надзяваюць на тапарышча’.
Абу́ць, абуваць ’надзець абутак’ (БРС, Шат., Касп.), абувацца (Бір. дыс., Касп.), абуцца да *ob‑uti, рус. обуть, укр. обути, чэш. obout, славац. obuť, в.-луж. wobuć, н.-луж. wobuś, польск. obuć, славен. obúti, серб.-харв. о̀бути, балг. обуя. Бліжэйшая паралель: літ. ap‑aũti ’абувацца’, apaũtas ’абутак’, лат. aut ’абуваць’, ст.-іран. aoϑra ’абутак’, лац. exuō ’разуваюся’ і г. д. Траўтман, 21; Гуер, IF, 46, 343; Фасмер, 3, 109. Дзеяслоў, бясспрэчна, яшчэ праіндаеўрапейскі, але тое, што прэфіксацыя прасл. ob‑uti супадае з прабалт. ap‑auti, дае падставу сцвярджаць аб балта-славянскай словаўтваральнай інавацыі.
Абу́ць у ла́пці ’абмахляваць’ (Шат.), (параўн. абармот (гл.) ’махляр’ < аборо‑мот) = ’зрабіць лапцюжнікам’, г. зн. чалавекам дурным. Параўн. яшчэ ўкр. обути (узути) у постоли.
Абхі́нуць ’абхінуць, захіліць’. Гл. хінуць.
Абца́с, абсац (Гарэц., Др.-Падб., Сцяц., Яруш.). Запазычанне праз польск. obcas з ням. Absatz (Кюнэ, Poln., 82). У працэсе запазычання ў польскай мове адбылася дистантная метатэза — нерэгулярная з’ява, якая выклікана камбінаторнымі цяжкасцямі, не тыповымі для славянскай структуры слова (Absatz > obsac > obcas). Магчыма, што слова было непасрэдна запазычана ў беларускую мову, улічваючы распаўсюджанасць нямецкага рамяства ў гарадах Беларусі. Гл. Вольскі, Узв. 3, 9–10, 97.
Абцо́баны ’абдрыпаны’ (Суднік, вусн. паведамлю полац.), магчыма, да цопаць ’шлёпаць’ (гл.).
Абцугі́ ’клешчы з дрэва’, ст.-бел. абцегі, обцукгъ (Булыка, Запазыч.) < польск. obcęgi (Кюнэ, Poln., 81) < ням. Hebzange. Параўн. яўны паланізм абцэнгі (Сцяшк. МГ), обцэнькі ’тс’ (Клім.).
Абцэ́сам ’хутка, імкліва’ (Сцяшк. МГ) < лац. праз польскае obcesem. Гл. польск. obces, obcesem, obcesowy (Брукнер, 369). Запазычанне нядаўняе. Да XVIII ст. у польскай мове толькі obces < лац. obsessus ’шалёны, у якім д’ябал сядзіць’. На карысць польскага пасрэдніцтва тая ж фанетычная адаптацыя (bc < bs) і той факт, што значэнне ўзыходзіць да царкоўнай тэрміналогіі.
Абця́ць ’абцерабіць, абсячы’ (БРС, Шат., Бяльк.). Гл. цяць.