Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рашчэ́п, рашчэ́піна ’ракавіна капыта’ (брасл., беш., ЛА, 1), параўн. ст.-бел. рошчепина ’расколіна’: въ рошчепинахъ скалы (Альтбаўэр). Ад расшчэп ’разрэз, раздвоенасць’ (ТСБМ), гл. шчапаць.

Рашы́ць, рэшы́ць ’прыйсці да заключэння; вырашыць, надумаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’развязаць, вырашыць (задачу)’ (Янк. 3.), ’патраціць, ліквідаваць, зрасходаваць, знішчыць’ (Янк. 3., Мат. Маг., ТС), рэшы́цца ’пазбавіцца, страціць’ (Растарг.). Параўн. рус. реши́ть ’вырашыць’, укр. ріши́ти ’вырашаць, пазбаўляць, губляць’, каш. řešëc ’вязаць’, чэш. řešit, славац. riešiť, харв. riješiti, серб. ре́шити ’тс’, славен. rešiti ’развязаць, выратаваць’, балг. реша́ ’вызначыць, вырашыць’, ст.-слав. рѣшити ’вызваліць, вырашыць’. Прасл. *rěšiti з š, перанесеным з ітэратыва *resjati, параўн. балг. реся́ ’рашаць’, в.-луж. rozrisać, rozrěsać ’вырашаць’, гл. Махэк₂, 531; БЕР, 6, 233, 239. У славянскіх мовах прасочваецца сумяшчэнне семантыкі ’выратаваць’ і ’пазбавіць’, параўн. славен. nas reši оd zlega, што, магчыма, звязана са ст.-інд. reşáуаtі ’ён робіць шкоду, карае’, rişyati, reşati ’пацярпелы, пашкоджаны’. У гэтым выпадку семантыка слав. *rěšiti развівалася ад ’пакараць, пазбавіць чагосьці’ да ’пазбавіць, страціць’. Другое значэнне ’прыходзіць да выніку, развязваць праблему’ прасочваецца ў балтыйскіх мовах: літ. raišýti ’прывязаць’, лат. ràisît ’вырашаць; развязваць’, гл. Сной, 618; Бязлай 3, 174; гл. таксама Фасмер, 3, 479; SEK, 4, 230–231 (Борысь значэнне ’развязваць’ выводзіць з ’вязаць’ у выніку дэпрэфіксацыі першаснага прэфіксальнага *orz‑rěšiti ’развязаць’ > *rěšiti ’развязваць’).

Рашэ́тнік ’ядомы грыб казляк, махавік’ (ТСБМ; лід., гродз., беласт., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), рашо́тнік ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), рашо́цік ’тс’, рашацю́к (Мат. Гом.), рэшэцю́га (Нар. словатв.), рэшо́цік ’тс’ (ПСл), падрашэ́тнік (Мат. Гом.). Ад рэшата1 (гл.) на падставе знешняга падабенства (з дзірачкамі пад шапкай, Мат. Гом.), параўн. іншыя назвы: сітнік, сітавік (гл.).