Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́лнік (ра́лнык) ’расліна капытнік’, ’бабоўнік’ (пін., ЛА, 1; Лексика Пол.), ’чыстацел’ (ТС). Назва капытнік наводзіць на параўнанне з рала3 (гл.) ’прамежнасць паміж капытоў парнакапытных’ або на магчымасць шматлікіх разгалінаванняў, параўн. ралаваты (гл.). Іншая назва на Тураўшчыне — раннік ’чыстацел’ (гл.) дапускае магчымасць распадабнення нн > лн.

Ра́лца1 ’галінка, вілападобнае разгалінаванне’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лцэ, ра́льцэ ’сук, разгалінаванне’ (ТС), ра́льца мн. л. ’рожкі ў калаўроце’ (там жа), ’рожкі дня шпулькі ў кроснах’ (Лексика Пол.). Памяншальнае ад рала1 (гл.) пры дапамозе суф. ‑ц(а), з магчымым варыянтам ‑ц(ы), а таксама варыянтнай мяккасцю асновы, як колаколца/кольца, рыларылца/рыльца і пад.

Ра́лца2 (rałce): do dworu przynoszą w darze jaja farbowane, zwane tu rałce (пін., Кольб.), адз. л. rałec ’велікоднае яйка чырвонага колеру’ (там жа). Відаць, да ралца1, першапачаткова гэта было абрадавае ўпрыгожанае дрэўца (параўн. рагаценька, гл.), т. зв. *рало (дрэва жыцця?), пазней замененае велікодным яйкам, параўн. укр. рале́ць ’віншавальны падарунак’.

Ральба́ ’ворыва’ (Выг.), ’узаранае поле’ (слаўг., Яшк.). Ад ралі́ць (гл.) пры дапамозе суф. -ба, што стварае назоўнік з характарыстыкай пэўнага дзеяння, параўн. пасьба, сяўба.

Ра́льнік ’араты’ (смарг., Шатал.). Утворана ад ралі́ць (гл.) пры дапамозе суф. ‑нік, што стварае назву асобы па занятку, параўн. пі́льнік ’той, хто пілуе’, жа́тнік ’той, хто жне’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54), параўн. польск. rolnik ’сельскагаспадарчы рабочы’.

Ральні́цтва ’паляводства, земляробства’ (Байк. і Некр.). Хутчэй за ўсё, запазычанне з польск. rolnictwo, што створана як кандэнсат з семантыкай ’палявая праца’, ’праца земляроба’ ад rolny ’сельскагаспадарчы ’.

Ра́льца ’вілкі для шпулькі ў ткацкім станку’ (Лексика Пол.). Гл. ра́лца1.

Ралю́х ’загон’ (Сл. Брэс., Лексика Пол.), ’частка ўзаранага поля’ (Лексика Пол.), ’склад пры аранні’ (пін., Нар. лекс.). Імаверна, створана ад ралля1/роля (гл.), што азначае прадмет паводле прызначэння, падобна як свінюх ’свінарнік’ (Сцяцко, Афікс. наз., 175).