Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́кар ’скуралуп; хто займаецца зніманнем скур са здохлай жывёлы’, ’мярзотнік, паскуднік’ (беласт., Кольб., Ласт.). Сюды ж, відаць, і rakarawać ’лаяць, зневажаць, рабіць закіды’ (Варл.). Запазычанне з польск. rakarz ’тс’, якое, у сваю чаргу, са старога ням. Racker ’тс’ (Брукнер, 453). Гл. таксама Длугаш-Курчабова, 428.

Раката́ць ’адзывацца дробным раскацістым гулам’ (ТСБМ). Магчыма, русізм, параўн. рус. рокота́ть, рокочу́ ’гучаць’, дыял. рекота́ть ’у голас смяяцца’.

Ракато́рхацца ’разварушыцца, расшавяліцца’ (Ласт.: рус. разбодриться). Дээтымалагізацыя ў выніку страты словаўтваральнай структуры, звязанай з гутарковым “паглынаннем” фіналі прэфікса, параўн. раскату́рхаць (гл.).

Рака́ты: рака́тэ дэрэво ’вілаваты (пра дрэва)’ (малар., ЛА, 5). Дээтымылагізацыя ў выніку пераасэнсавання рага́ты (рага́тэ), гл. рог; магчыма, таксама да рак1 (’вузлаватае дрэва’?).

Ра́каўка ’ракаўстойлівы гатунак бульбы’ (брагін., Мат. Гом.), рако́ўка (ПСл), ра́кавы ’акрэсленне да гатунку бульбы’ (Мат. Гом.). Імаверна, назва створана ад ракаўстойлівы гатунак (бульбы) шляхам сцяжэння ў адно слова пры дапамозе суф. ‑оўка/‑аўка, як паштоўка < паштовая картка, або з-за вузлаватасці клубняў.

Ра́каўнік1 ’шабельнік, расліна падобная да бабоўніку’ (вілен., Кіс.; ЭПБ). Няясна. Магчыма, названа так з-за вузлаватых каранёў, параўн. іншыя народныя назвы — грэбнік, бацянавы ножкі. Параўн. тлумачэнне, якое датычыць бабоўніку: бобоўнік крэстамі росце (ТС). Да рак1 (гл.).

Ра́каўнік2 ’хмызняковы від вярбы’ (ТС): крушна́я кора́ на ра́коўніку. Магчыма, да ра́кавіна3 (гл.).

Ракаўшчы́ны мн. л. ’збожжа, якое збіраецца з кожнага сялянскага двара для царкоўнікаў’ (зах.-бранск., Кос.). Параўн. укр. роківщи́на ’гадавы збор, які збіраецца з парафіян святаром’. Да рок (гл.).

Ра́кацень, мн. л. ра́кці ’капыты ў свінні’ (мазыр., Цыхун, вусн. павед.), ра́кот ’капыт у свінні, авечкі, каровы’ (ТС), ра́котка ’тс’ (там жа). Да рак1, ракавіна1, ракапыціна (гл.).

Ра́каць, ра́катэ ’кракаць’ (драг., ЖНС: “Качкэ́ ра́кають табэ жабэ́). Верагодна, усечаная форма зыходнага дзеяслова кра́каць (гл.). Нельга, аднак, выключыць і магчымасць незалежнага гукапераймальнага ўтварэння, як, напрыклад, у назвах сіваваронкі Coracias garrulus L.: рус. ра́кша, н.-луж. rakajca; параўн. адпаведнае, на наш погляд, серб. žaba rakara, якое Скок (3, 101) звязвае, аднак, з rak (гл. рак1), што ўяўляецца, па меншай меры, не відавочным.

Рака́ч ’фарбаванае палатно’ (навагр., Сл. рэг. лекс.). Няясна.