Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Не́ба, не́бо ’нябёсы’ (Яруш., БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.), ’паднябенне’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС, Ян.), ’скляпенне ў печы’ (Мат. Маг., Шушк., ТС, Ян., браг., петрык., Шатал.), ’верхняя частка ткацкага станка, на якую падвешваюць ніты і набіліцы’ (браг., Нар. сл.), укр. не́бо ’нябёсы’, рус. не́бо, нёбо ’нябёсы; верхняя частка скляпення ў печы; верх бярлогі’, польск. niebo ’нябёсы’, чэш. nebe ’тс’, славац. nebo ’тс’, в.-луж. njebjo ’тс’, н.-луж. njebjo ’нябёсы, паднябенне’, славен. nebȏ ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, серб.-харв. не̏бо ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, балг. небе́, не́бо ’нябёсы’, макед. небо, небе ’тс’, ст.-слав. небо, род. скл. небесе ’тс’. Прасл. *nebo адносілася да балта-слав. асноў на ‑es, роднаснае літ. debesis ’воблака’, лат. debess ’неба’ (з другасным d), ст.-інд. nábhas ’туман, пара, неба’, грэч. νέφος ’воблака’, лат. nebula, с.-в.-ням. nebul ’туман’, хец. nepiš ’неба’ (да і.-е. *nebh‑ ’імгла, воблака’), гл. Покарны, 315; Фасмер, 3, 53; Махэк₂, 392; Бязлай, 2, 217; Шустар-Шэўц, 13, 1007.

Небажа́ты ’пляменнікі, унукі’ (ТСБМ) і адз. л. небажа́ («гаворыцца з пагрозай і больш у дачыненні да няпоўналетніх», Нас.), небажа́та ’ўнукі’ (Ян.), небожа́та, адз. л. небо́ж ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (ТС), ’пляменнікі’ (пін., Сл. ПЗБ), небажаня́та ’тс’ (любан., лях., Сл. ПЗБ). Гл. нябога.

Небакра́й ’небасхіл; гарызонт’ (ТСБМ). Наватвор, аўтарства якога прыпісваецца паэту А. Зарыцкаму (М. Стральцоў у кн.: Слова наша роднае. Мн., 1986, 125): паэтычны сінонім да небасхіл (гл.), параўн. рус. небозем ’гарызонт’ (аўтарства прыпісваецца Далю), польск. niebokrąg ’акружнасць неба’ і пад. Хутчэй за ўсё з укр. небокра́й ’тс’ (яшчэ ў Шаўчэнкі). З не́ба і край ’канец, мяжа’.

Не́балазя ’нядобра’ (віл., Сл. ПЗБ; дзярж., Нар. сл.), паўн.-рус. небо́лозе ’дрэнна, непрыемна’. Ад балазе́ ’добра’; сюды ж не́балазь ’смецце; блазнота’ (жлоб., Жыв. сл.).

Небара́к ’бядак’ (Нас., Грыг., Гарэц., Федар., Яруш., ТСБМ), неборака ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’чалавек, якога сустракаюць няўдачы’ (Янк. 1), нябара́ка ’бядак, няшчасны чалавек’ (Мал., Сл. ПЗБ), небора́ка ’бядак, гаротнік’ (ТС), памянш. небарачок, небара́чка (Сл. ПЗБ, ТС), укр. не́бір, небара́к, небора́ка ’бядак’, рус. небора́к ’бядак; непаваротлівы чалавек’, польск. nieborak ’чалавек, варты жаласці; бядак’, славац. neborák ’тс’, н.-луж. njaborje ’бядак, бездапаможная істота’, славен. nebȏrec, nebȏre ’бядняк’. Звычайна лічыцца аднаго паходжання з нябога ’няшчасны, абдзелены жыццём і людзьмі чалавек’ (гл.), параўн. рус. небожак (Даль), чэш. nebožák ’бядак’ (Махэк₂, 393; Брукнер, 34; Курашкевіч, JP, 37, 1937, 124), далей да бог, параўн. убогі ’бедны’; r замест ž тлумачаць па-рознаму: славенскія формы зменены пад уплывам ратацызму (ž > r), характэрнага для часткі паўднёваславянскага арэалу (Міклашыч, 16; Бернекер, 1, 67; Бязлай, 1, 34), параўн. серб.-харв. бо̀ра ми замест бо̏га ми (кляцьба); на думку Добрава, апошняе, як і польск. nieborak замест niebożak, — вынік дэфармацыі фанетычнага вобліку слоў з мэтай ахоўнай магіі (прафілактыкі ад уплыву звышнатуральных сіл), параўн. серб.-харв. за бо̀ра замест за бо̀га ’богам прашу’, дзе адсутнічаюць умовы для ратацызму, а таксама бро̏да ми, гло̀га ми замест бо̏га ми (Добраў, CE, 8, 1983, 2, 94). На падставе каш. bora ’сілач’ і ст.-польск. Borek, Boruta (ул. імя) ад *boriti ’змагацца’. Папоўска–Таборска рэканструюе прасл. дыял. *ne‑borę, *ne‑bor‑akъ (ZfSl, 24, 1979, 104; Kaszubszczyzna, Warszawa, 1980, 37; а таксама Шустар-Шэўц, 13, 1006), што па семантычных меркаваннях здаецца менш пераканальным. Паводле Кюнэ (Poln.), беларускае слова запазычана з польскай мовы. Гл. таксама Цвяткоў, Працы класа філалогіі, 1, 1928, 51.

Небаскроб ’вышынны будынак’ (БРС, ТСБМ). Калька з рус. небоскреб (Крукоўскі, Уплыў, 129), што ў сваю чаргу з англ. skyscraper ’тс’ (Фасмер, 3, 53); параўн. таксама хмарочос ’тс’ (Караткевіч) з укр. хмарочос (калька з ням. Wolkenkratzer).

Небасхі́л ’небакрай; гарызонт’ (Яруш., Гарэц., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), укр. небосхил ’тс’. Відаць, разам з польск. nieboskłon ’скляпенне неба; небакрай’, рус. небосклон ’небакрай’, небосвод ’скляпенне неба’ — кніжнае ўтварэнне, магчыма, калька (для рускай мовы ўказваюць на нямецкую крыніцу калькіравання, гл. Бранд. О языке И. Северянина. М., 1916, 138).

Не́будзь ’зло; хвароба’ (Ян.). З не і быць, параўн. небулі́ца (= *небыліцы) ’небыццё’ (ТС), хутчэй за ўсё табуізаваны выраз для паняцця ’смерць’, параўн. не́мач ’хвароба’, не́жыць ’тс’, небы́т ’смерць’ і пад.

Не́быты ’нястача, недахоп’ (слаўг., Нар. словатв.). Відаць, ад не быць ’адсутнічаць’, параўн. нябыт, небыццё ’неіснаванне’. Гл. быт ’існаванне, наяўнасць’.

Небяспе́ка ’стан пагрозы’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), у мінулым стагоддзі і ў пачатку XX ст. звычайна небеспячэнства, небязпячэнства ’тс’ (Нас., Яруш.), што сведчыць пра запазычанне з польск. niebezpieczeństwo ’тс’. Гл. бяспека.