Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нагаловіч ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (браг., Шатал.), ’верхні брус над акном’ (рэч., Мат. Гом.), сюды ж на́галавень ’вушак над варотамі’, ’брус над дзвярамі’ (маст., Шатал.), нагловень ’тс’ (браг., Шатал.). Да галави на аснове метафары («галава дзвярэй»), параўн. іншую назву рэаліі — шапка; цікавую паралель даюць польск. nagłówek, nagłówka ’архітэктурная дэталь; пліта, якая накрывае капітэль’, н.-луж. nagłowk ’верхні брус над дзвярамі’ і інш., якія могуць мець і першаснае значэнне ’шапка, шалом’ (’тое, што знаходзіцца на галаве’, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 982); адсутнасць апошяга значэння ў бел. слова, таксама як і арыгінальнае словаўтварэнне, не дае падстаў адносіць яго да запазычанняў, хаця яны характэрны для народнай тэрміналогіі цяслярства.

Нага́льны ’напорысты’, ’тэрміновы’, ’праліўны (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), укр. нагальний ’спешны’, ’раптоўны’, ’бурны, парывісты’. Відаць, можа быць звязана з *naglъ (гл. наглы), якое мае ўсе пералічаныя значэнні. Магчыма, сюды ж і рус. нагал ’заклік, вокліч ці песня ў такт працы’, якое Фасмер (3, 35) выводзіць з гилить ’смяяцца, насміхацца’ і якому ў сваю чаргу адпавядае укр. голити ’прыспешваць, паганяць’ (Брукнер, 133), серб.-харв. галити ’жадаць, прагнуць’ і інш., гл. галіцца (дзе дапускаецца супадзенне ў корані *gal‑ розных па паходжанню лексем).

Нага́н ’від рэвальвера’. З рус. наган, што ў сваю чаргу ад уласнага імя канструктара Nagyan (Фасмер, 3, 35).

Нага́на ’ганьба, знеслаўленне’ (Нас.). Аддзеяслоўны назоўнік; параўн. дзеяслоў зак. трыв. ад ганіць (гл.): наганіць (Нас.), што, як здаецца, не дае падстаў лічыць яго запазычаннем з польск. nagana ’ўшчуванне, прачуханка’, а таксама ’загана, недахоп’, якое адносяць да *ganiti ’гнаць’ (Варш. сл.) або да gana, ganić; апошняе Брукнер лічыць выключна чэшска-польскім словам, запазычаным усходнімі славянамі (Брукнер, 134). Сюды ж, відаць, і нагины ’дрэнны’ (Жд. 1), параўн. польск. naganny ’дрэнны, ганебны’.

Наганашы́ць ’нарваць’ (Жд. 1). Да ганашыць (гл.).

Нагану́ць ’настаяць, дамагчыся’ (Сл. ПЗБ), ’зажадаць’ (Сцяц.), ’вырашыць’ (Сл. ПЗБ), ’задумаць’ (Сцяц.), укр. нагану́ти ’ўспомніць, напомніць’. Прыставачнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу гану́ць ’усвядоміць, падумаць’ (ТС) і пад., што, відаць, звязаны з гадаць (гл.), параўн. адгинуць ’адгадаць’ і інш., або ад дзеяслова гинуць ’хлынуць’, параўн. наги‑ нуць ’наваліцца, напасці’ (ТС).

Наганя́й ’ушчуванне’ (Яўс.). Пры наяўнасці наганя́ць ’паўшчуваць’ (Яўс.), відаць, няма патрэбы лічыць запазычаннем з рус. нагоня́й ’тс’, аднак усходняя лакалізацыя ў межах Беларусі робіць такое меркаванне дапушчальным. Этымалагічна ўзыходзіць да *gonitiy гл. гнаць, але на семантыку слова маглі ўплываць утварэнні ад га́ніць ’ганьбіць, абгаворваць’, параўн. нага́на, нага́нны і інш.

Нагарава́цца экспр. ’наесціся’ (полац., Нар. лекс.). Відаць, іранічнае ўтварэнне ад гарава́ць ’цяжка працаваць’.

*Нагара́тацца, нагара́татыся ’нагаравацца, намучыцца’ (драг., Нар. лекс.). Відаць, ад нагарава́цца, гл. гарава́ць, змененага пад уплывам слоў тыпу гаратай ’араты’ і пад.

Нагарода ’ўзнагарода’ (Нас.); za naharódaju za trudý wiérniecsa (Пятк. 2); ст.-бел. нагарода і нагрода (апошняе з польск., гл. Булыка, Лекс. запазыч., 203); укр. нагорода, рус. награда (< ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 37), польск. nagroda, чэш. náhrada ’замена’, славен. nagrada, серб.-харв. на̏града, балг. награ́да, макед. награда. Аддзеяслоўнае ўтварэнне, першапачаткова *nagorditi, на думку Міклашыча (74) — ’узнагародзіць горадам’, што лічыцца непераканаўчым; Фасмер (3, 37) і Трубачоў (там жа) звязваюць з ’накласці кучай’, параўн. рус. нагородить; Бязлай (2, 212) праз славен. graja ’рэпутацыя’, grajati ’праслаўляць’ (j < dj) звязвае з літ. gar̃dinti ’паведаміць, абвясціць’, роднасным ст.-інд. gir‑ ’слава, гонар’, лац. grates ’хвала’ і інш. Сумніцельна вывядзенне з *gheld‑ (ням. vergelten ’узнагароджваць, даваць плату’), пры гэтым бел. і ўкр. паўнагалосныя формы тлумачацца другасным збліжэннем з горад (Махэк₂, 388). Брукнер лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, а ўзнікненне значэння ’дар, плата’ лакалізаваў на польскай тэрыторыі, першапачаткова праз стадыю ’ўзвесці, узнавіць разбуранае’ — ’замяніць’ — ’кампенсаваць страты’ — ’заплаціць’; усё да grodzić ’будаваць, гарадзіць’ (Брукнер, 353).